На гарадзенца-заяўніка скаргі на збіццё міліцыянтамі завялі крымінальную справу за нібыта паклёп.

Уладзімір Родчанка прыцягнуў увагу міліцыянтаў яшчэ 14 ліпеня 2020 года. Тады яго спынілі супрацоўнікі ДАІ за гучную музыку і бела-чырвона-белыя сцягі на аўтамабілі. За «масавае мерапрыемства» яму прызначылі штраф, знішчыўшы сцягі. Машыну праз некалькі месяцаў вярнулі.

12 жніўня 2020 года Уладзімір разам з трыма іншымі знаёмымі прыйшлі да Гарадзенскага аблвыканкаму і сталі на калені, трымаючы ў руках плакат з фота дзяўчынкі, якая разам з бацькамі патрапіла ў аварыю з удзелам вайсковага бтр і моцна пацярпела.

Чатырох гарадзенцаў тады затрымалі за пікет, размалявалі маркерамі ім твары і моцна збілі. Уладзімір пасля гэтага патрапіў на «хуткай» у шпіталь і яшчэ доўгі час аднаўляў пашкоджанае здароўе. Паралельна ён спрабаваў абскарджваць усе неправамерныя і злачынныя дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ і АМАП, аднак, безвынікова.

Другі раз гарадзенца затрымлівалі на працоўным мейсцы ў лютым 2021 года за «непадпарадкаванне», якое выявілася ў спробе высвятліць асобы людзей у форме і прычыну візіта ў офіс, куды яны прыйшлі па іншага працаўніка фірмы. Тым разам абыйшлося нават без складання пратаколу.

Урэшце скарга на збіццё міліцыянтамі ў Ленінскім РАУСе Гародні была пададзеная Уладзімірам і ў так званы Следчы Камітэт, адкуль пасля «праверкі» яму далі адказ пра адмову ў пачынанні крымінальнай справы. На гэтым гісторыя нібы мусіла ўжо і скончыцца, але не туды тое.

Уладзімір, які ўжо даўно з’ехаў з Беларусі, нядаўна даведаўся пра тое, што супраць яго той жа сама СК адкрыў крымінальную справу яшчэ 10 студзеня 2021 года, абвінаваціўшы праграміста ў… паклёпе (арт. 188 КК РБ). Ніякіх падрабязнасцяў абвінавачання няма і наогул досыць дзіўна, што пра гэта Уладзімір даведаўся толькі зараз. Родчанка мяркуе, што так бы мовіць «сумленныя міліцыянты», якія яго і ягоных сяброў збівалі ў РАУСе, моцна пакрыўдзіліся на «несправядлівыя» абвінавачанні праграміста, можа ён наогул сам сябе збіў, а іх абвінаваціў дарэмна. У кожным разе, як сам Уладзімір напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, гэта ўжо не мае для яго асабіста ніякага значэння.

Парушыць законы і абвінаваціць тых, хто на гэтыя парушэнні ўказвае і піша скаргі, – гэта наогул класічныя дзеянні лукашэнкаўскіх чыноўнікаў і ахоўнікаў «правапарадку». Былі выпадкі, калі людзі пісалі скаргі на парушэнні законаў, і самы траплялі за краты за «паклёп» на прадстаўнікоў «улады». Так было, прыкладам, падчас электаральных кампаній, калі назіральнікаў абвінавачвалі пасля таго, як яны пісалі скаргі на фальсіфікацыі і парушэнні выбарчага заканадаўства з боку выбарчых камісіяў.

Былі і больш цяжкія сітуацыі, калі пра паклёп размова не ішла, але на заяўнікаў скаргаў накідвалі сур’ёзныя абвінавачанні. Так, прыкладам, палітвязня Аляксандра Троцкага звінавацілі ў замаху на забойства супрацоўніка ворганаў унутраных справаў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса). Насамрэч бізнэсовец “пракаціў на капоце” сваёй машыны супрацоўніка ДАІ 12 жніўня 2020 года, калі з’язджаў ад яго пасля таго, як той дастаў зброю і накіраваў яе ў бок Троцкага, цэліўшы ў галаву. Пасля спробы ўцёкаў яго затрымалі і жорстка збілі. Аляксандр пасля збіцця прабыў у бальніцы тры тыдні. Ніякіх парушэнняў у дзеяннях міліцыянтаў, канешне, не знайшлі, а самога Троцкага «асудзілі» на 10 гадоў калоніі.

Найбольш красамоўным прыкладам пазбягання адказнасці людзьмі ў форме можна лічыць «засуджэнне» сведкі забойства Генадзя Шутава замест пошуку і пакарання забойцаў. Самога Шутава прызначылі вінаватым ва ўласнай смерці, а сведку забойства і сябра Генадзя Аляксандра Кардзюкова пасадзілі на 10 гадоў у калонію.

Беспакаранасць форменных злачынцаў непазбежна распальвае нянавісць у грамадстве, а гвалт і беззаконне толькі нарастаюць.