55 гадоў таму – 23 траўня 1967 года ў Чыкага памёр беларускі ваенны, палітычны і грамадска-царкоўны дзеяч Мікола Дзямідаў.

Мікола Дзямідаў нарадзіўся 10 снежня 1888 года ў Гарадку (цяпер цэнтр гміны ў Беластоцкім павеце). Паводле іншай версіі нарадзіўся ён у Ломжы.

Сын Станіслава Катнароўскага і Аляксандры з Каліноўскіх гербу Калінова, прозвішча меў па другім мужу маці. Яго дзед з боку маці, Аляксандар Каліноўскі – брат Вінцэнта (Кастуся) Каліноўскага.

У 1905 годзе Мікола здаў экзамен на настаўніка двухкласных пачатковых школ у настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы. У 1907 годзе паступіў, як вольны слухач, на вечаровыя курсы на гістарычна-філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэту; працаваў у канцылярыі службы руху Ўправы Прывіслянскай чыгункі. 1 кастрычніка 1911 года Мікола Дзямідаў прызначаны кіраўніком чыгуначнай школы чыгункі ў Беластоку.

З 1914 года ён знаходзіўся на ваеннай службе ў расейскай царскай арміі. А 1 лютага 1917 года скончыў Першую Паўлаўскую вайсковую школу. Удзельнічаў у кастрычніцкай рэвалюцыі, быў Наваградскім акруговым камісарам. З сакавіка да лістапада 1918 года знаходзіўся ў нямецкім палоне.

Актыўна арганізоўваў беларускія аддзелы ў Вільні. А 1 снежня 1918 года яго накіравалі ў Літоўскае міністэрства абароны. З 20 снежня 1918 года да 1 чэрвеня 1919 года займаў пасаду каменданта Гародні.

Беларускі полк у Гародні, 1919 год

У 1920 годзе ў наваколлях Беластока Мікола Дзямідаў набраў з добраахвотнікаў батальён (каля 400 чалавек) і далучыўся да арміі Станіслава Булак-Балаховіча. У складзе астроўскага пяхотнага палка другой пяхотнай дывізіі 10-14 лістапада вёў баі за Калінкавічы, 21 лістапада ўдзельнічаў у баях над Прыпяццю. Са сваім батальёнам працягваў барацьбу таксама пасля адступлення арміі Булак-Балаховіча на кантраляваную палякамі тэрыторыю. Ваяваў да студзеня 1921 года, пасля чаго адышоў на польскі бок фронта і быў інтэрнаваны.

У 1921-1922 гадах Мікола Дзямідаў працаваў настаўнікам у Гарадку, патым жыў у Латвіі. У 1940 годзе яго арыштавалі і да 1941 года пасадзілі ў Маскве на Лубянку. Праўда, праз год яму ўдаецца адтуль вызваліцца і ён едзе ў Дзвінск. У сярэдзіне вайны Мікола Дзямідаў пераязджае ў Ліду, дзе працуе акруговым інспектарам, ён арганізоўвае настаўніцкія курсы і батальён самааховы, куды ўваходзілі пераважна настаўнікі.

Партрэт Дзямідава, мастак Андрэй Мікалаеў

З восені 1944 года Мікола Дзямідаў жыў на эміграцыі. Быў адным з ініцыятараў склікання сабора Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы у Канстанцы ў 1948 годзе і аднаўлення БАПЦ пасля адыходу Беларускага епіскапату да расейскай замежнай праваслаўнай царквы.

У 1950 годдзе Мікола Дзямідаў выехаў у ЗША і напачатку пасяліўся ў Лансінгу ў штаце Мічыган, але неўзабаве перасяліўся ў Чыкага. У тым самым годзе стаў сябрам кіраўніцтва Беларуска-Амерыканскай Народнай Рады (БАНР), адзінай арганізацыі старой беларускай эміграцыі, якая прымала новых палітычных эмігрантаў.

З 1950 года Мікола Дзямідаў вёў беларускія радыёперадачы ў Чыкага. Ён быў актыўным дзеячам Згуртавання беларусаў штата Ілінойс, заснаванага ў 1953 годзе, а таксама сярод заснавальнікаў беларускай праваслаўнай парафіі Св. Юрыя ў Чыкага і першым рэгентам яе хору. Пазней, аднак, Мікола Дзямідаў далучыўся да беларускай грэка-каталіцкай (уніяцкай) парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага і быў адным з найбольш актыўных парафіянаў.

Памёр у беднасці ў 1967 годзе. Пахаваны грэка-каталіцкім святаром на могілках ў Чыкага. Памяць пра Міколу Дзямідава ў Беларусі не ўшанавана.