Стала ведама пра другое пакаранне за адно і тое ж «злачынства» ўжо засуджанаму да трэцяга пакарання палітвязню Арцёму Касакоўскаму.

Дадатковыя абвінавачанні і прысуды палітвязням – спроба рэжыма Лукашэнкі маральна зламаць волю да супраціву ўсяго народа і асобных моцных годных людзей, прага запалохаць грамадства. І найперш гэта сведчыць пра тое, што праз два гады з пачатку масавых пратэстаў, якія ўжо даўно прамінулі, фактычна акупанцкая адміністрацыя дагэтуль ня можа адчуваць сябе спакойна і ўтульна на беларускай зямлі.

Паўторнае абвінавачанне і новы прысуд палітвязню Арцёму Касакоўскаму ўсё ж мае сваю непрыемную асаблівасць. Лукашэнкаўскае крывасуддзе ўжо даўно не мае нічога супольнага з правасуддзем як такім, але практыка двайнога пакарання (адміністрацыйнага і крымінальнага) за адно і тое ж «злачынства» – сведчыць, што для рэжыма няма нічога недасягальнага ў справе апускання на юрыдычнае «дно».

У роднай Лідзе яшчэ да верасня 2020 года з Арцёма Касакоўскага спагналі штраф за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (сумнавядомы «народны» артыкул 23.34 КаАП). Але ўжо пасля яго арышту 27 верасня 2020 года ў Менску па справе менскага «чату», дзе некалькі маладзёнаў нібыта дамаўляліся спальваць шапікі «Табакеркі», да вынясення карнага прысуду на 5 год калоніі за «ўдзел у масавых беспарадках», паводле расповядаў маці Касакоўскага, да Арцёма ў СІЗА прыязджаў следчы з Ліды. На той момант маладзён быў у статусе сведкі і адмовіўся ад паказанняў.

Пасля таго, як Касакоўскага засудзілі і перавялі ў наваполацкую калонію, дзе ён пачаў адбываць неправамернае пакаранне, у студзені 2022 той самы следчы зноў завітаў да Арцёма ужо з абвінавачаннямі на яго адрас. За ўсё тое ж «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» яго цяпер абвінавачвалі адразу паводле 3-х артыкулаў Крымінальнага Кодэксу: арт. 341 (апаганьванне або знішчэнне маёмасці), ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ворганаў унутраных спраў).

19 траўня суддзя суда Лідскага раёну Аляксандр Мішуроў пачаў разгляд новай крымінальнай справы супраць 23-гадовага палітвязня і 23 траўня на просьбу дзяржабвінаваўцы вырашыў абцяжарыць папярэднія неправамерныя пакараньні дадатковымі рэпрэсіямі на паўтары гады зняволення. Мішуроў фактычна аформіў падвойнае пакараньне за адно і тое ж «парушэнне» ў дадатак да папярэдняга несправядлівага пакарання свайго калегі Дзмітрыя Астапенкі. Такім чынам, агульны тэрмін зняволення для Арцёма Касакоўскага можа скласці 6,5 гадоў.

Акрамя гэтага, як распавяла маці палітвязня, каледж, у якім вучыўся Арцём, патрабуе павярнуць сродкі, выдаткаваныя на яго навучанне, бо ён не паспеў адпрацаваць два гады. Да затрымання хлопец працаваў на заводзе “Оптык”.

Арцём плануе падаваць на прысуд апеляцыйную скаргу.

30 красавіка Арцём сустрэўся з маці ў турме.

14 чэрвеня палітвязню спаўняецца 24 гады — гэта ўжо другі Дзень народзінаў Арцёма ў зняволенні.

Падтрымайце Арцёма лістамі, грашовымі пераводамі і пасылкамі:

Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1

Арцём Ігаравіч Касакоўскі

Рэквізіты для грашовага пераводу:

УНП: 590003691

BIC: BAPBBY2X

IBAN: BY81BAPB36429050005540000000