Мікалай Аўтуховіч

25 траўня ў гарадзенскай турме гарадзенскім абласным судом працягваўся разгляд крымінальнай справы так званай групы Мікалая Аўтуховіча.

Чарговы дзень працэсу пачаўся з допыту Антона Мельхера. Яго судзяць між іншым паводле крымінальнага артыкулу за ўдзел у так званых «берасцейскіх карагодах». У час аднаго з такіх карагодаў Мельхер зрабіў 2 фотаздымкі і пры тым парушыў рух транспарту. У гэтай частцы ён прызнаў віну, сказаў, што фатаграфаванне заняло 5 хвілін і пры тым ён парушыў рух транспарту. Штраф за гэтае парушэнне Мельхер аплаціў, але ўдзел у нібыта «тэрарыстычнай групоўцы» ён катэгарычна адпрэчвае. Мельхер сказаў, што яго маці знаёма з Аўтуховічам, а сам Антон бачыў яго толькі адзін раз, калі паказваў яму гістарычную плошчу Берасця.

Мельхер сказаў, што Галіну Дзербыш ён увогуле ніколі не бачыў і не чуў пра яе, як і пераважную бальшыню іншых падсудных, якія праходзяць у гэтым працэсе. Іх ён убачыў толькі ў гарадзенскай турме.

Павел Сава, на паказаннях якога пераважна і грунтуецца абвінавачанне, пажадаў іншым абвінавачаным хутчэйшай свабоды і папрасіў у іх прабачэння. Але тут пракуроры Людміла Герасіменка і Уладзімір Рабаў дзіўным чынам нагадалі суддзю Максіму Філатаву, што новыя паказанні Савы неабавязковыя. Філатаў звярнуў Саву на гэта ўвагу, пасля чаго той папрасіў суд грунтавацца на сваіх ранейшых паказаннях, якія даваў з самага пачатку.

Пракурорка Герасіменка далей хадайнічала пра тое, каб зачытаць ранейшыя паказанні Савы, якія маюцца ў справе, на што суддзя даў прадказальную згоду. У сведчаннях Савы выявілася шмат неадпаведнасцяў і нестыковак, выявілася, што ён нават не ведае як завуць некаторых з абвінавачаных, блытае сваё месцазнаходжанне ў розных эпізодах справы.

Сітуацыя ў судзе выглядае такім чынам, што абвінавачанага Саву змусілі агаварыць іншых абвінавачаных. На працэсе яго адмыслова пасадзілі ў іншую клетку з перагародкай, каб ён не мог бачыць некаторых іншых абвінавачаных.

Прамаўляючы на працэсе, Сава выказаў між іншым фразу пра тое, што ён ведае, што да канца адседкі па тым тэрміне, які яму прысудзяць, ён не дажыве.