Класік беларускай паэзіі Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Менску. У раннім дзяцінстве пераехаў разам з бацькамі ў Гародню і жыў там у 1892-96 гадах. Побач з маці і братамі Вадзімам і Лёвам прайшлі самыя шчаслівыя гады дзяцінства Максіма. “Жыў ён тут у анёльскім веку і застаўся светлым анёлам, што крыламі сваімі затуляе ад бруду і цемры” – як трапна выславілася літаратуразнаўца Ала Петрушкевіч. Сям’я некалькі разоў пераязджала ў розныя кватэры, але заўсёды выбірала жыллё на першым паверсе драўлянага будынку. У 1965-ым годзе на згаданым доме з’явілася мемарыяльная дошка, а ў час перабудовы адчыніўся адпаведны музей.

Музей Багдановіча ў Гародні

У 1896 г. у веку 27 гадоў памерла маці, бацьку перавялі ў Ніжні Ноўгарад, там Максім у 1902 годзе паступіў у 1-ы клас Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. Газеты “Наша Ніва”, “Наша доля”, якія ён чытаў у час вучобы ў гімназіі, значна паўплывалі на фармаванне светагляду. Ён вывучыў беларускую мову. Ідэя нацыянальнага адраджэння Бацькаўшчыны стала мэтай і сэнсам жыцця.

Бацька паэта Адам Багдановіч

Творчая дзейнасць Максіма Багдановіча пачалася з публікацыі апавядання “Музыка” у “Нашай Ніве” у 1907 годзе. У чэрвені 1908 года Багдановічы пераехалі на сталае жыхарства ў Яраслаўль. Максіма перавялі ў 6-ы клас яраслаўскай гімназіі. Вясной 1909 годзе юнак захварэў на сухоты. Нягледзячы на хваробу, гады вучобы ў гімназіі былі плённымі ў творчасці. Газета “Наша Ніва” перыядычна друкуе вершы, у газеце “Голос” публікуюцца нататкі, рэцэнзіі, фельетоны, крытычныя артыкулы.

Партрэт Максіма Багдановіча мастака Волкава

З творамі Максіма Багдановіча ў 1909 годзе пазнаёміўся Сяргей Палуян, які супрацаваў з “Нашай Нівай”. Вядомы публіцыст адыграў значную ролю ў творчым лёсе маладога паэта. Сябры рэдкалегіі газеты лічылі вершы Максіма Багдановіча “дэкадэнцкімі”, і яны захоўваліся ў архіве рэдакцыі. Сяргей Палуян настаяў на іх публікацыі пасля пэўнага рэдагавання.

У 1911 годзе Максім Багдановіч скончыў гімназію і наведаў Вільню. Ён пазнаёміўся з братамі І. і А. Луцкевічамі, В. Ластоўскім, Б. Эпімах-Шыпілам. Па прапанове Луцкевічаў паэт жыў у фальварку Ракуцёўшчына, што належаў іх роднаму дзядзьку В.Лычкоўскаму.

У Вільні ў 1914 годзе ў друкарні Марціна Кухты выйшаў зборнік Багдановіча «Вянок» (на тытуле пазначаны 1913 год) з прысвячэннем Сяргею Палуяну. Максім Багдановіч здолеў падняць сапраўдныя “глыбы” ў даследаванні гісторыі беларускага пісьменства і закласці “трывалыя асновы нацыянальнага літаратуразнаўства і крытыкі” (Міхась Мушынскі). Першыя артыкулы “Глыбы і слаі” і “За тры гады” даследчыкі лічаць пачаткам беларускай прафесійнай крытыкі.

У 1915 годзе Багдановіч зноў паехаў на лячэнне ў Крым. Цяжкая хвароба ўсё часцей прыпыняла творчую працу. Пераадольваючы яе, паэт напісаў паэму “Максім і Магдалена”, цыкл “На ціхім Дунаі” (вершы беларускага складу) і іншыя творы. Восенню 1916 года ён пераехаў у Мінск, дзе працаваў сакратаром у харчовым камітэце Мінскай губернскай управы. Жыў на кватэры З. Бядулі, сустракаўся з А. Смолічам, З. Верас, Ядвігіным Ш., А. Паўловічам, У. Галубком… Асяроддзе аднадумцаў натхняла паэта на творчасць і актыўную грамадскую дзейнасць. У канцы лютага 1917 года Багдановіч пакінуў Мінск. 25 траўня 1917 года ў Ялце ў творчым росквіце абарвалася жыццё геніяльнага паэта.

Пахаваны Багдановіч ў Ялце. Працуюць музеі Максіма Багдановіча ў Менску, Гародні, Ракуцёўшчыне Маладэчанскага раёна, Яраслаўлі. Імя паэта носяць вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у некаторых райцэнтрах, школы і бібліятэкі ў розных беларускіх гарадах. У 1991 годзе імя Багдановіча было ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЕСКА  “Гадавіны выдатных асоб і падзей”. У Менску ў 1981 годзе ўсталяваны помнік. 26 кастрычніка 2011 года Нацбанк Беларусі выпусціў дзве памятныя манеты, прысвечаныя Максіму Багдановічу.

Помнік у Менску скульптара Сяргея Вакара

Сёння ў старажытнай Гародні, акрамя дома-музею Багдановіча, ёсць толькі магіла маці паэта Марыі, куды можна ўскласці кветкі. Яна па правым баку на ўваходзе старых праваслаўных могілак. І больш нічога, помнік вялікаму Максіму ў горадзе над Нёманам так і не паўстаў. Улада не любіць паэтаў, бо паэты не служаць уладзе. А для нас па-ранейшаму, кажучы словамі Дануты Бічэль, “глядзіць у вочы Максім Багдановіч вачамі зоркі Венеры”.