25-ы дзень кожнага месяца ў Беластоку праводзіцца традыцыйная акцыя ў падтрымку палітвязняў Анджэя Пачобута і Анжалікі Борыс. Адбылася такая акцыя на звыклым месцы ля помніка Ежы Папялушку і 25 траўня. Нягледзячы на моцны дождж, беларусы і палякі, пераважна з ліку новай эміграцыі, прыйшлі выявіць сваю салідарнасць.

Анджэя Пачобута арыштавалі 25 сакавіка 2021 года ў рамках «справы палякаў», фігурантамі якой таксама з’яўляюцца старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс (яе арыштавалі 23 сакавіка 2021 года), актывісты Саюзу палякаў Беларусі з Ліды, Ваўкавыску і Берасця: Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава. Жанчын, апрача Анжалікі Борыс, летась вызвалілі і прымусілі пакінуць Беларусь.

Анжаліку Борыс ў канцы сакавіка бягучага года перавялі пад хатні арышт, ёй змянілі меру стрымання. Анджэй Пачобут па-ранейшаму за кратамі. На пачатку траўня 2022 года Анджэя перавялі з СТ №8 у Жодзине ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Менску.