Сайт незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі nadniemnemgrodno.pl уключаны ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Адпаведнае рашэнне 20 траўня прыняў суд Ленінскага раёну Гародні.

Гэта так званы сайт “люстэрка”. Раней, 20 снежня 2021 года “экстрэмісцкімі матэрыяламі” была прызнана інфармацыйная прадукцыя асноўнага парталу Саюзу палякаў Беларусі — znadniemna.pl. Улады заблакавалі доступ да сайту. Кіраўніца Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, журналіст Андрэй Пачобут, а  таксама актывісты з Ліды, Ваўкавыску і Берасця: Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава былі арыштаваныя па так званай “справе палякаў”. Траіх апошніх прымусілі пакінуць Беларусь, Борыс цяпер пад “хатнім арыштам”, Пачобут – надалей за кратамі.