У Гарадзенскай турме 10-ы дзень праходзіць карны працэс над так званай “групай Мікалая Аўтуховіча”. Судзяць ажно 12 чалавек.

Ранейшымі днямі на працэсе паказанні далі Антон Мельхер, Павел Сава, Галіна Дзербыш, Сяргей Рэзановіч і Ірына Гарачкіна. Сёння праходзіў допыт Любові Рэзановіч (https://prisoners.spring96.org/be/person/lubou-rezanovich). Яе абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі); ч. 1. арт. 14 ч. 2 арт. 357 (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам); ч. 1 арт. 13 ч. 3 арт. 289 (замах на акт тэрарызму); ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай).

Згодна са следствам, Рэзановіч дапамагала Аўтуховічу збіраць інфармацыю пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Апроч гэтага, жанчына пусціла да сябе пажыць Аўтуховіча з астатнімі фігурантамі справы, а яны захоўвалі ў доме зброю.

На судзе Любоў выбачылася перад сваім мужам Сяргеем, бо лічыць сябе вінаватай у тым, што ён цяпер знаходзіцца на лаве падсудных.