25 гадоў таму (1997) – У Атаве (Канада) памёр Янка Сурвіла, беларускі грамадзкі дзеяч, эмігрант (Нямеччына, Гішпанія, Канада). Нараджэнец в. Белевічы (Смургонскі р-н). Нарадзіўся 20 чэрвеня 1925 году.

У 1942 годзе ўзначальваў пачатковую беларускую школу (спалена партызанамі). Пасля вайны ў лагеры перамешчаных асобаў у нямецкім Ватэнштэце заснаваў і рэдагаваў часопіс «Шляхам жыцьця». Потым эміграваў у Францыю. Там у 1948 годзе, на Першым з’ездзе беларускай эміграцыі ў Парыжы, пазнаёміўся з Івонкай Шыманец, якая праз 10 гадоў стала яго жонкай. Івонка Сурвіла – прэзідэнт Рады БНР.

Атрымаўшы стыпендыю Мадрыдскага ўніверсітэту, Янка Сурвіла вывучаў там эканоміку і рабіў захады ў справе арганізацыі беларускамоўных праграм Іспанскага радыё. 25 сакавіка 1952 году года ён выйшаў у эфір з першай скіраванай на Беларусь перадачай. У 1958—1965 гадах вёў з Іспаніі штодзённыя беларускія радыёперадачы.

Пасля пераезду Сурвілаў у Канаду працаваў там на беларускай палітычнай і грамадскай ніве. Захапляўся мастацкай фатаграфіяй, пакінуў галерэю партрэтаў беларускіх літаратараў-эмігрантаў, у тым ліку партрэт Наталлі Арсеньневай.

Пахаваны Янка Сурвіла на могілках Олд Чэлсі ў мястэчку Чэлсі, Квебек.