Вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч, паэт і журналіст Язэп Варонка нарадзіўся 17-га красавіка 1891 году ў мясцовасці Кузніца на Беласточчыне. Гэты факт канкрэтнага месца быў устаноўлены беластоцкімі даследнікамі не так даўно. Пра дзяцінства і ранняе юнацтва Варонкі амаль нічога невядома. Пасля Сакольшчыны яго чакаў далёкі расейскі Пецярбург. Там ён быў слухачом лекцый на юрыдычным факультэце ўніверсітэту. У 1914-ым быў выключаны за неаплату навучання. На гэты перыяд прыпадае супраца маладога Язэпа з пецярбургскімі газетамі і часопісамі, пісаў ён тады па-расейску пад псеўданімам Юрый Вегаў. Паводле ўспамінаў сучаснікаў Варонка быў вельмі энергічным і актыўным у розным сэнсе, а заробленыя грошы траціў з лёгкасцю. Быў надзвычай вясёлым і кампанейскім чалавекам, натурай актыўнай і няўрымслівай.

У 1917-ым годзе Язэп Варонка ўжо стаў сябрам ЦК Беларускай сацыялістычнай Грамады. Прадстаўляў беларускія арганізацыі ў агульнарасейскіх палітычных структурах. Варонка адмоўна ацэньваў палітыку па нацыянальным пытанні расейскага Часовага ўраду, а пазней – і палітыку Савета народных камісараў бальшавікоў. Неўзабаве Варонка стаў камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады, а ў 1918-ым годзе – старшынём Народнага сакратарыяту. Быў адным з лідараў і стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Першы прэм’ер-міністар БНР. Адзін з заснаваньнікаў у Гародні таварыства “Бацькаўшчына”. У гэты час рэдагаваў газету “Беларуская зямля”, мінскі часопіс “Варта”, гарадзенскую газету “Беларускі народ”. Варонка асуджаў палітыку Польшчы ў дачынені да беларускіх земляў.

Першы ўрад БНР

У 1918-ым Язэп Варонка пераехаў у Коўна. Стаў міністрам па справах беларусаў ва ўрадзе Літоўскай Рэспублікі. З вясны 1921-га – старшыня беларускага Чырвонага Крыжа. З восені – старшыня Беларускай Грамады ў Коўне. Адначасна выдаваў і рэдагаваў беларускі “Часопіс” (ён выходзіў у 1919-20 гг.), таксама расейскамоўную газету “Вольная Літва” і дадатак да яе “Зеркало”.

Язэп Варонка – аўтар брашураў “Беларускае пытанне да моманту Версальскай мірнай канферэнцыі. Гісторыка-палітычны нарыс”, “Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд”. Абедзве былі выдадзены ў Коўне.

У 1923 годзе Варонка эміграваў у ЗША, пасяліўся ў Чыкага. Але нацыянальную справу не пакінуў. Узначальваў Беларуска-амерыканскую асацыяцыю, уваходзіў у кіраўніцтва Беларуска-амерыканскай рады. Таксама выдаваў газету “Беларуская трыбуна”, вёў беларускамоўныя і рускамоўныя праграмы на радыё.

Пра амерыканскі перыяд жыцця і дзейнасці Варонкі напісаў у сваёй кнізе “Беларусы ў ЗША” вядомы даследнік Вітаўт Кіпель: “Язэп Варонка быў выдатным пачынальнікам і кіраўніком беларускага руху ў Злучаных Штатах. Ён прыехаў у гэтую краіну зь ініцыятывы Янкі Чарапука як прадстаўнік Рады БНР. Я. Варонка да свайго прыезду ў Злучаныя штаты меў ужо значны досьвед палітычнага кіраўніцтва, займаючы пэўны час сярод іншага пасаду прэм’ер-міністра БНР. Ён быў высокаадукаваным чалавекам. Ён адыграў значную ролю ў грамадскім і палітычным жыцьці амэрыканскіх беларусаў, а ягонае непахіснае жаданьне заснаваць магутную беларускую арганізацыю заслугоўвае ўсялякае павагі…”.

Памёр Язэп Варонка 4 чэрвеня 1952 году ў Чыкага, лёс адвёў яму не так шмат – 61 год жыцця.