Гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын ужо амаль 15 месяцаў перабывае ў Турме №1 у Гародні па выдуманых абвінавачаннях ва ўмяшанні ў справы супрацоўнікаў унутраных органаў і здрадзе дзяржаве (арт. 365 і ч.1 арт. 356 КК РБ). І сёньня ён другі раз запар сустракае свае Народзіны за кратамі. Івашыну спаўняецца 43 гады. Яго жонка Вольга ў інтэрв’ю рэспубліканскаму выданню «Новы Час» расказала пра тое, што за час зняволення Дзяніс не згубіў аптымізму, верыць у перамогу і сваё вызваленне, загартаваў волю, характар і дух, пашырыў свой жыццёвы і прафесійны досвед і пераасэнсаваў каштоўнасці і змяніў прыярытэты, але застаўся верным і адданым патрыётам Беларусі.

Нядаўна сваякі Івашына пасля доўгага перапынку пачалі атрымліваць ад яго дасланыя ім даўно лісты і паштоўкі, некаторыя датаваныя нават лістападам месяцам мінулага году. Вольга Івашына мяркуе, што гэта звязана з тым, што фармальнае «следства» ў крымінальнай справе супраць журналіста скончанае і, адпаведна, знікла падстава для арышту-вымання паштовай карэспандэнцыі, паводле артыкула 213 КПК РБ.

Меркавана, што і паведамленні сваякоў ды іншых людзей Дзяніс пачаў атрымліваць. Таму сваякі Івашына заахвочваюць пісаць яму віншавальныя лісты, паштоўкі, дасылаць тэлеграмы, пасылкі і грашовыя пераводы. (Адрас установы: 230023, г.Гродна, вул.Кірава, 1, ПУ «Турма №1», Івашыну Дзянісу Яўгенавічу)

Журналіст-расследвальнік «Новага Часу» і «InformNapalm» Дзяніс Івашын, так бы мовіць, удала нарадзіўся, бо сёння таксама святкуецца міжнародны дзень журналіста. Віншуем Івашына з асабістым святам і яго разам з калегамі з прафесійным днём. Зычым моцнага здароўя, хутчэйшага вызвалення для тых журналістаў, якія перабываюць за кратамі, вяртання на радзіму тых, хто вымушаны быў з’ехаць з Беларусі, бяспекі і дабрабыту для журналістаў, што засталіся ў краіне.