Тэлеграм-канал адной з дзяржустановаў, які адміністрацыя мэсэнджэра выдаляла ўжо некалькі разоў (хутка будзе юбілейны 10-ы), справаздачыўся пра затрыманне гарадзенскім філіалам дзяржструктуры чарговага жыхара Гародні за «распаўсюд экстрэмісцкіх матар’ялаў» праз інтэрнэт і ў друкаваным выглядзе. Прычым канал выставіў відэа затрымання небаракі, які ні на каго не кідаецца, рукамі не размахвае, не крычыць, а проста перадае сваёй знаёмай заплечнік, з якім, паводле словаў саміх сілавікоў, нібы прыйшоў на фэст нацыянальных культур, што зараз адбываецца ў горадзе.

Відэа зафіксавала, як тры спэцпрызначэнцы ў балаклавах і поўнай экіпіроўцы збіваюць з ног шчуплага маладога чалавека ўдарам у галаву ззаду, заломваюць рукі і гвалтам вядуць у свой чорны бус без нумароў рэгістрацыі. Відавочны «прафесіяналізм» і «законнасць» у дзеяннях невядомых асобаў у форме, канешне. Далей у такім жа заламаным стане чалавека заводзяць у не абазначаны звонку будынак, і потым ён на камеру «прызнаецца» ў здзейсненых «злачынствах» і просіць прабачэння ў невядомых асобаў.

Тэкст, які суправаджае ўсю гэтую калгасную самадзейнасць форменных злачынцаў, распавядае пра неназванага маладога чалавека і яго знаёмую грамадзянку Польшчы, прычым называючы яе пры гэтым палюбоўніцай галоўнага героя відэа. Цікава, адкуль у сілавікоў такія пазнанні ў асабістым жыцці грамадзянаў? Паўтараць выразы і эпітэты, якія адарваныя ад рэчаіснасці і законаў хунвэйбіны ўжываюць у дачыненні да бязвінных і нават незасуджаных цяперашнім «судом» людзей, мяркуем, будзе непрыстойна, але і ўявіць тое нескладана. Тыповыя паводзіны нейкіх тэрарыстаў ці гопнікаў, а не прадстаўнікоў ахоўнікаў закону.

Зрэшты, беларусы ўжо не здзіўляюцца такім гвалтоўным дзеянням уладных структур. Не з’яўляецца нечаканым і тое, што ва ўмовах скарачэння паступленняў сродкаў у бюджэт і замежнага фінансавання метраполіяй свайго васала праз санкцыі і ўласнаруч створаныя эканамічныя праблемы, паміж рознымі групамі і відамі сілавых структур, што ўтрымліваюць рэжым унутранай акупацыі, непазбежна падвышаецца канкурэнцыя. І кожнае ведамства спрабуе даказаць сваю лаяльнасць і, што яшчэ больш важна, патрэбнасць для аўтакратыі, каб бюджэтны пірог размяркоўваўся на карысць менавіта яго, а не кагосці іншага. Гэта прымушае, так бы мовіць, лютаваць гэтыя сілавыя структуры, не шкадуючы ані сваіх ці чужых грамадзянаў, ані свайго часу і сілаў.

Фэст нацыянальных культур у Гародні — мясцовае свята, арганізаванае нібыта дзеля заахвочвання турызму фактычна на дзяржаўным роўні. Праводзіцца мерапрыемства кожныя два гады ўжо больш за чвэрць стагоддзя, але ахоўнікам рэжыму нават няма часу наведаць мерапрыемствы, трэба вышукваць і хапаць «злачынцаў», каб паказаць, як яны зацята і аддана змагаюцца і перамагаюць, бо надта ж хочацца і далей атрымліваць прэміі і зорачкі на пагоны. А шукаць сапраўдных злачынцаў ды яшчэ ў сваіх шэрагах, ім няма калі. Верагодна, тое яны пакідаюць на пазнейшы і сапраўдны суд.