Днямі Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прапагандыстамі пра неабходнасць і пачатак стварэння свайго «інфаспецназу» нібы для барацьбы з фэйкамі пра дзяржуладу і падобным.

Гарадзенцы добра знаёмыя з гэтым словам, дакладней з уладальніцай аднайменнага каналу, актывісткай «русского мира», якая тэрарызуе горад і нават самых прадстаўнікоў так званай улады ўжо некалькі год, Ольгой Бондаревой. Да падзеяў 2020 года яна атакавала розныя выспы беларушчыны ці проста здаровага глузду заявамі ў розныя інстанцыі, на што чыноўнікі звычайна або адпісваліся, або «праводзілі праверку», якая ніякіх парушэнняў не знаходзіла, і адфутбольвалі занадта актыўную грамадзянку да наступнага сезону абвастрэння.

Але масавы мірны пратэст і асабліва параза грамадзкай супольнасьці ў супрацьстаянні з узброенай уладай падштурхнуў адкрытыя антыбеларускія сілы да агрэсіўнага наступу. Прарасейскія сілы патрапілі ў агульную з узурпатарамі ўлады плынь, адчулі моц і пачалі непрыхаваную вайну з мовай, сімволікай і людзьмі.

Канкрэтна актыўнасць Бондаравай спрычынілася да арышту і засуджэння не аднаго беларускага грамадзяніна, самым яскравым з выпадкаў была правакацыя і далейшая скарга ў міліцыю на жыхара Гародні, за што ён быў пазбаўлены волі на паўтары гады, а іншага абгаварыла ў «судзе» і звыш неправамернага пакарання абмежаваннем волі на 1 год так званай «хіміі» выцягнула з яго яшчэ 1000 рублёў кампенсацыі за «маральныя і фізічныя пакуты». Таксама яе дзеянні і заявы прывялі да зняцця з пасадаў і перанакіраванняў на іншыя парафіі некалькіх праваслаўных святароў (Георгій Рой і Павал Наздрын) за іх актыўную пазіцыю супраць гвалту сілавікоў рэжыма ўнутранай акупацыі і захопніцкай вайны РФ ва Украіне. Яе «інфаспецназ» фактычна распачаў крымінальную справу супраць Алеся Пушкіна і выставы яго карціны Яўгена Жыхара, у выніку чаго быў зліквідаваны «Цэнтр гарадзкога жыцця», а сам мастак засуджаны да 5 гадоў калоніі. Таксама Бондарава наскардзілася на ўладальнікаў крамы «Адметнасць», пасля чаго да крамы сталі наведвацца з ператрусамі розныя сілавікі, а ўладальніца крамы Вольга Верамеенка была арыштаваная і тры дні правяла да «суда» ў суседнім з крамай сумнавядомым закратаваным будынку на Кірава, 1 (ПУ «Турма №1», на той момант таксама і ІЧУ), пасля чаго яшчэ і была засуджаная да штрафу ў 2030 рублёў.

Відавочна, грамадзянка сваёй актыўнасцю надакучыла і самім чыноўнікам, аднак, ігнараваць яе заявы самага вар’яцкага зместу яны ўжо не могуць. Даходзіць да таго, што Бондарава фактычна вызначае, якія культурныя мерапрыемствы дазволена ці забаронена праводзіць у горадзе, якія артысты маюць ці не маюць права выступаць. На сёняшні дзень апошняй ахвярай актывісткі і яе «інфаспецназаўцаў» стаўся гарадзенскі спартовец міжнароднага ўзроўню, асілак Аляксандр Кодзіс, які збіраўся падчас Фэсту нацыянальных культур выступіць на Аўгустоўкім канале і працягнуць наладаваныя грузам пажарныя машыны, агульнай вагой у 60 тонн. Аднак яго выступ быў скасаваны «па тэхнічных прычынах», а праўладны тг-канал разам з Бондаравай у сябе папулярна патлумачылі, чаму сумленны спартовец, які выступаў супраць гвалту сілавікоў і падпісаў вядомы ліст спартоўцаў супраць гвалту, не мае права выступаць на гэтым фестывалі.

Невядома, ці менавіта такі «спецназ» інфармацыйнага ваеннага фронту меў на ўвазе ўзурпатар улады ў Беларусі, аднак, варта перасцерагчы яго пра небяспеку страты ініцыятывы і гэтай самай улады праз зацятую актыўнасць аматараў і агентаў «русского мира», а таксама адсутнасць крытычнага мыслення і волі ў яго непасрэдных падначаленых. Калі падобным «спецназаўцам» даць поўны карт-бланш, чыноўнікі проста бесперапынна пачнуць абслугоўваць запыты такіх актывістаў, не зважаючы, а часам нават супярэчачы інтарэсам самога акупацыйнага рэжыма. І гэта ж яшчэ ні слова не было сказана пра ўнутраную паддыванную чыноўніцкую вайну за пасады, якая распачнецца ў касмічных маштабах, а так званая дзяржаўная ўлада будзе занятая толькі тым, што вымушаная будзе тусаваць з месца на месца чыноўнікаў, якія ці выслужыліся перад новымі інфа-«вайскоўцамі», ці праігнаравалі іх заявы.