Жыхар Ашмянаў Ягор Багдзевіч з 7 чэрвеня адбывае зняволенне ў “папраўчай” установе адкрытага тыпу № 45.

Напомнім, што прысуд быў абвешчаны 5 красавіка ў судзе Ашмянскага раёну. Багдзевіча звінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядаў суддя Віталь Казакевіч, бок дзяржаўнага абвінавачвання падтрымліваў Сяргей Кавальчук.

Паводле абвінавачвання, Ягор Багдзевіч з дапамогай спецыяльнага прыкладання зрабіў 10 ролікаў з урыўкамі з фільмаў і музычных кліпаў працягласцю да 10 секунд, у якіх твар кінагероя ці спявачкі мяняў на твар Лукашэнкі. На прыканцы жніўня і напачатку верасня 2020 года абвінавачаны размясціў ролікі ў гарадской групе ў тэлеграме.

У судзе Багдзевіч патлумачыў, што вырабляў і размяшчаў ролікі, каб “разрадзіць абстаноўку”, нікога абражаць не збіраўся.

Нягледзячы на тое, што абвінавачаны знаходзіцца ў адпачынку па даглядзе за сваёй 2-гадовай дачкой, пракурор палічыў віну Ягора Багдзевіча даказанай і прасіў суд пакараць яго трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Варта адзначыць, што злачынства, якое ставіцца ў віну Багдзевічу, было здзейсненанае да ўступлення ў сілу зменаў у Крымінальны кодэкс. Паводле папярэдняй рэдакцыі кодэкса, абвінавачанаму па ч. 1 арт. 368 не можа быць прызначана больш за два гады абмежавання ці пазбаўлення волі. Менавіта на гэта звярнуў увагу суду Ягор Багдзевіч перад вынясеннем прысуду.

Аднак 5 красавіка суддзя Віталь Казакевіч палічыў Багдзевіча вінаватым і прызначыў яму пакаранне на 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хіміі”).

Ягор Багдзевіч віну не прызнаў, а таму з прысудам не пагадзіўся і абскардзіў яго ў Гарадзенскі абласны суд. Пры гэтым звярнуў увагу, што на момант мяркуемага здзяйснення правапарушэння максімальны тэрмін такога пакарання паводле дзеючай у той час рэдакцыи артыкула 368 Крыминальнага кодэкса не перавышаў двух гадоў. Таксама прасіў абласны суд прызначыць мастацкаведчую экспертызу, бо стварэнне і размяшчэнне ў сацыяльнай сетцы некалькіх відэакліпаў, у якіх твары кінагерояў былі зменены на твар прэзідэнта, лічыў жартам, а не злачынствам.

Цікава, што і дзяржабвінаваўца Сяргей Кавальчук апратэставаў прысуд, але ўжо  ў якасці пракурора. І, насуперак сваёй пазіцыі ў судзе, прасіў зменшыць тэрмін пакарання да двух гадоў у сувязі з няправільным выкарыстаннем судом нормы права.

26 траўня 2022 года калегія Гарадзенскага абласнога суда у складзе Віталя Кулеша, які старшынстваваў, суддзяў калегіі Віктара Сянько і Мікалая Рачынскага разгледзела апеляцыйныю скаргу і пратэст пракурора. Тэрмін пакарання Ягору Багдзевічу быў зніжаны да максімальна магчымага для пакарання ў выглядзе абмежавання волі – двух гадоў, з адбываннем  ў “папраўчай” установе адкрытага тыпу (так званая “хімія”).