Маці гарадзенскага журналіста і палітвязня Дзяніса Івашына Людміла Івашына-Добіна пасля паведамлення пра завяршэнне следства ў справе супраць яе сына, звярнулася з афіцыйным запытам на спатканне з Дзянісам, які без малога 15 месяцаў перабывае ў СІЗА ПУ «Турма №1» Гародні. Супрацоўнік абласной пракуратуры Рабаў Уладзімір Віталевіч прыняў спачатку асабіста маці журналіста, а затым заяву ад яе на імя пракурора вобласці Жукава А.В.

Аднак днямі яна атрымала адказ аб адмове ў такім спатканні з дзіўнай фармулёўкай прычыны. Хоць фармальна, паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу, падставы для адмовы не патрабуецца наогул, чыноўнік вырашыў абгрунтаваць свой негатыўны адказ менавіта такім чынам.

У лісце з афіцыйным адказам за подпісам намесніка абласнога пракурора як прычына для адмовы ў сустрэчы падазраванаму Дзянісу Івашыну са сваякамі значыцца наступнае:

«Исходя из материалов уголовного дела, обстоятельств совершения преступлений оснований для предоставления свидания не имеется». Па-першае, падставаў, абавязковых для арганізацыі спатканняў з арыштаванымі падчас дасудовага следства і да перадачы справы ў суд і вынясення выраку, КПК наогул не прадугледжвае. Рашэнне прымаецца паводле волі следчага ці пракурора, калі справа знаходзіцца ўжо на разглядзе ў пракуратуры. Па-другое, сама фармулёўка адказу выглядае досыць дзіўнай. Нібыта нейкія матар’ялы крымінальнай справы ці абставіны меркавана здзейсненых арыштаваным злачынстваў могуць дазваляць ці забараняць яму сустрэчы са сваякамі. Ніякіх удакладненняў ці тлумачэнняў намеснік Жукава не падаў, таму можна толькі здагадвацца, што насамрэч перашкаджае яшчэ не прызнанаму нават цяперашняй судовай сістэмай вінаватым палітвязню Івашыну сустрэцца са сваімі роднымі ўпершыню за 15 месяцаў арышту.

Як мяркуюць самі сваякі, пастаянныя адмовы ў спатканнях звязаныя з тым, што журналіст не пажадаў ніякім чынам супрацаваць са следствам і не прызнае сябе вінаватым у агучаных гэтым следствам злачынствах: «здрада дзяржаве» (ч.1 арт. 356 КК РБ) і «ўмяшанне ў справы супрацоўнікаў унутраных органаў» (арт. 365 КК РБ).