Наступныя навіны з «адкрытага» працэсу ў гарадзенскай турме немагчыма прачытаць у дзяржаўных прапагандысцкіх рэсурсах, якія афіцыйна прысутнічаюць у залі так званага суда.

Так праваабаронцам стала вядома, што інвалід Уладзімір Гундар, адмовіўшыся ад уласных паказанняў, заявіў пра збіццё падчас яго затрымання, меркавана, супрацоўнікамі КДБ. Уладзімір сцвярджае, што маладыя людзі ў цывільным, якія, канешне, не прадстаўляліся яму і не паказвалі ніякіх пасведчанняў, але прыйшлі разам з аператыўнікамі КДБ, збівалі яго за адмову прызнавацца ў нібы здзейсненых ім злачынствах.

Таксама падчас допыту Павал Рэзановіч заявіў, што яго катавалі і прыніжалі падчас так званага следства, пагражалі арыштаваць і пасадзіць у суседнюю камеру і яго жонку (можна прыгадаць, што падобным у свой час адзначыўся цяпер ужо старэйшы следчы па асабліва важных справах УКДБ па Гарадзенскай вобласці Лаўранчук, калі катаваў і выбіваў прызнанні з палітыка Андрэя Саннікава). «Следчыя» па справе супраць Паўла Рэзановіча адмыслова душылі ў суседняй камеры так, каб Павал чуў, яго маці Любоў Рэзановіч, кідалі яе і яго самога ў карцэр. Да самога Рэзановіча ў камеру саджалі адмысловых вязняў, каб давесці яго да вар’яцтва ці справакаваць на нейкае злачынства. І ўсё гэта адмыслова рабілася дзеля таго, каб атрымаць прызнальныя паказанні ў той хлусні, у якой цяпер абвінавачваюць фігурантаў справы. Гэты своеасаблівы сцэнар «допытаў», больш падобны да сцэнару фільма жахаў, арганізавалі і кіравалі працэсам «следчы» КДБ Цярошын і начальнік следчага аддзела УКДБ па Гарадзенскай вобласці Варанецкі. Сілавікі падчас здзекаў і катаванняў сцвярджалі, што законы ў Беларусі цяпер не працуюць, таму Паўлу лепей усё шчыра прызнаць і супрацоўнічаць са «следствам». Таксама Павал Рэзановіч заявіў пра тое, што супрацоўнікі КДБ не абцяжарвалі сябе сапраўднай следчай працай, і проста запісалі ў спіс няіснай «тэрарыстычнай групы» ўсіх, з кім ён меў справы паводле сваёй прафесійнай дзейнасці (загадчык сектара судовых выканаўцаў) і нават людзей, чые прозвішчы толькі супадалі з вышэйадзначанымі, прычым агулам па ўсёй Беларусі. У выніку такой «працы» з усяго спісу ў якасці сведкаў на «судзе» дапытвалі толькі траіх, бо яны мелі хоць нейкае сапраўднае дачыненне да Рэзановіча.

Не вытрымаўшы такіх умоваў «следства», Павал Рэзановіч падпісаў усё, што Цярошын ад яго патрабаваў, а ўжо падчас працэсу адмовіўся ад таго, пад чым ставіў подпіс. Ён не пацвердзіў ніводнага абвінавачання пра зброю і выбухоўку, відэа спаленай машыны, што Мікалай Аўтуховіч пакутуе на параною і любіць здымаць і пераглядаць свае дзеянні. Павал назваў хлуснёй інфармацыю, што яны разам з Аўтуховічам хаваліся ці за імі сачылі. Адзінае, што пацвердзіў Рэзановіч, што Аўтуховіч здымаў у сям’і Рэзановічаў прыватны дом, ездзіў на рыбалку з сябрамі, хадзіў па крамах і таму падобнае.

Пра пагрозы карцарам дзеля атрымання ад яе прызнання таксама заяўляла і Галіна Дзербыш.

А Вольга Маёрава па вяртанні ў камеру пасля аднаго з паседжанняў не далічылася сваіх асабістых рэчаў: зніклі дзве цішоткі з арнамантавай вышыўкай і чырвона-белая кофта, у якой яна была ў залі паседжанняў у першыя дні судовага працэсу. Улічваючы, што амаль кожная камера турмы цяпер абсталяваная відэаназіраннем, спадзяемся, што скрадзенае хутка адшукаецца, калі толькі не дапусціць, што скралі рэчы тыя, хто мусіць сачыць за парадкам і законнасцю ў месцы зняволення.