Жонка гарадзенскага журналіста і палітвязня Дзяніса Івашына Вольга паведаміла праваабаронцам, што пракуратура падрыхтавала і перадала матар’ялы распачатай супраць яе мужа крымінальнай справы ў так званы суд. Дата, а таксама фармат разгляду, пакуль невядомыя. Сваякі спадзяюцца на абяцаны следчым яшчэ ў сакавіку мінулага году адкрыты працэс, каб можна было хаця б убачыць Івашына ў залі, бо іншых магчымасцяў убачыць яго ні следчы аддзел УКДБ па Гарадзенскай вобласці, ні абласная пракуратура за 15 месяцаў арышту Івашына не прадставілі.

Аднак пад пытаннем пакуль нават час разгляду, бо як працаўнікі судовых будынкаў, так і адвакаты горада цяпер усе занятыя: першыя — бесперапыннымі рэпрэсіўным канвеерам неправамерных рашэнняў і выракаў, а апошнія — працэсам па «справе Аўтуховіча».