Вядомы смаргонскі журналіст і прадпрымальнік Рамуальд Улан ужо амаль паўтары гады адбывае тэрмін абмежавання волі ў так званай адкрытай установе папраўчага тыпу. За гэты перыяд яго неаднойчы турбавалі следчыя органы.

10 чэрвеня Рамуальда Улана павінны чарговы раз дапытаць па запыце смаргонскіх следчых.

Напомнім, што Улана прызналі вінаватым у тым, што ён размясціў у каментарах у “ВКонтакте” фотаздымак з налепкамі з асабістымі дадзенымі сямі міліцыянераў, якія былі заўважаныя ў незаконных затрыманнях і ілжэсведчаннях у судах. Такі ўчынак быў расцэнена як паклёп (арт. 188 Крымінальнага кодэксу). 

Згодна з рашэннем суда Улан мусіць адбыць 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. 25 сакавіка 2021 года ён накіраваўся адбываць тэрмін ва ўстанову №17 у Гомелі.

15 лютага 2022 годзе ў Рамуальда забралі тэлефон на экспертызу, пасля чаго склалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП за нібыта “распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”. У выніку яго асудзілі да 14 сутак арышту за падпіску на “экстрэмісцкі” тг-канал. Арышт палітвязень адбываў у гомельскім ІЧУ.