Беларусы-эмігранты ў Беластоку супольна з украінскімі прадстаўнікамі, якія таксама знаходзяцца ў сталіцы Падляшша, правялі ў нядзелю 12 чэрвеня акцыю памяці па загінулых у Беларусі і Украіне ў выніку тэрору і вайны.

У выступах пералічваліся імёны забітых і загінулых у Беларусі і на вайне ва Украіне. Некаторыя выступоўцы расказвалі пра персанальныя гісторыі ахвяр расейскага тэрору ў Беларусі і ва Украіне. Акцыя памяці яшчэ раз яскрава прадэманстравала салідарнасць беларусаў і украінцаў, якія апынуліся ў выгнанні ці бежанстве. Патрыёты абодвух народаў вераць у перамогу над расейскім бандыцкім імперыялізмам. Цягам акцыі гучалі шматлікія воклічы салідарнасці, а таксама песні па-беларуску і па-украінску.