Жыхарку Іўя Рэгіну Лавор арыштавалі на трое содняў за тое, што яна не адчыніла ноччу невядомым асобам (пазьней іх назвалі супрацоўнікамі гарадзенскага АМАП) свой дом.

Гісторыя рэпрэсіяў супраць стваральніцы і колішняй дырэктаркі Іўеўскага музэю нацыянальных культур пачалася з арышту на трое содняў у лютым мінулага года і неправамернага прысуду ў верасні таго ж 2021 – 2 гады абмежавання волі без накіравання, так званай хатняй «хіміі», за «абразу» ў тэлеграме намесніка начальніка АУС іўеўскага райвыканкама Андрэя Ярохіна і старэйшага інспектара АУС Валерыя Горбача. Чыноўнікам у пагонах было мала засудзіць кабету за ацэначныя меркаванні да «хіміі», Ярохін яшчэ сцягнуў з яе на сваю карысць кампэнсацыю за «маральныя пакуты» ў памеры 1000 рублёў.

15 лістапада прысуд, так бы мовіць, набыў юрыдычную моц, у спадарыні Лавор, на той час беспрацоўнай, было 15 дзён на працаўладкаванне. Само адбыццё рэпрэсіўнага пакарання пачалося 1 снежня.

Ані шматгадовы досвед працы, ані наяўнасць вакансіяў у сферы культуры не змаглі дапамагчы ў пошуку неабходнага месца для Рэгіны Лавор, таму яна была вымушаная зарэгістравацца як рамесніца з 1 студзеня 2022 і нават паспела сплаціць падатак, за яшчэ не пачатую працу, але штучна створаныя чыноўнікамі бюракратычныя праблемы не дазволілі ёй пачаць працаваць.

Адразу з 1 снежня да прынцыповай і непахіснай кабеты пачалі чапляцца і выдумваць парушэнні, каб узмацніць незаконнае пакаранне яшчэ больш суворым рэжымам яго адбыцця. Першым «парушэннем» Рэгіны Лавор палічылі наведванне старшыні райвыканкава Іўя Ігара Генца. Маўляў, яна не паведаміла пра гэта і не атрымала дазволу ад свайго ўчастковага, хаця насамрэч такі дазвол ёй быў атрыманы ад інспектара Вераб’я Д.С., у чым супрацоўнікі РАУС змаглі ўпэўніцца па прыездзе на працу. Аднак ужо падрыхтаваны загаддзя пратакол за «парушэнне» не скасавалі і Лавор выпісалі першае «парушэнне рэжыму адбыцця пакарання». Назваць такое можна толькі цынічна-нахабным выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў. Рэгіна Лавор спрабавала абскардзіць гэтае рашэнне, але безвынікова. Аднак і на гэтым правакацыі і злачынствы супраць стваральніцы музэя не спыніліся. Ціск адбываецца таксама і на мужа Рэгіны, раней яго прымусілі напісаць заяву на змену пасады, цяпер спрабуюць наогул звольніць.

Спадарыне Лавор забараняюць бываць у сваякоў болей за некалькі гадзінаў на тыдзень, прыязджаюць з праверкамі па некалькі разоў на тыдзень, аднойчы ноччу павезлі на медагляд, каб праверыць наяўнасць алкаголю ў крыві. Вынік тэсту быў, канешне, адмоўным.

28 студзеня ўчастковы Стубеда, праверыўшы наконадні Рэгіну Лавор, напісаў рапарт пра «парушэнне», што яна нібы не прысутнічала ў хаце пасля вызначанай гадзіны. Каго ж тады ён правяраў за некалькі гадзін да «парушэння», засталося незразумелым.

З другім пратаколам спадарыня Лавор таксама не пагадзілася, а за няіснае «парушэнне» трапіла ў нечалавечыя ўмовы мясцовага ІЧУ на 10 содняў (з 1 лютага), 4 з якіх трымала галадоўку, пасля якой умовы ўтрымання сталі трошкі лепшымі. Аднак псіхалагічны ціск на непакорную беларуску працягваўся: начальнік ІЧУ Віталь Спявак асабіста падчас штодзённых праверак наведваў спадарыню Лавор і пагражаў ёй пераводам у калонію.

Часовым фіналам можна лічыць чарговую правакацыю 6 чэрвеня. А 22 гадзіне да дому Рэгіны Лавор пад’ехаў сіні бус без апазнавальных знакаў, схаваўся за гушчарамі, з мікрааўтобуса выйшлі трое невядомых асобаў, якія свяцілі ліхтарыкам у твар кабеце і патрабавалі адчыніць дзьверы. Не прадставіліся, службовых пасведчанняў такім чынам, каб іх можна было прачытаць, не паказалі, не прадставілі ліст-заданне на праверку, што выклікае справядлівыя сумневы ў наяўнасці ў іх паўнамоцтваў для праверкі. Тым ня менш спадарыню Лавор яны прымусілі прадэманстраваць свой пашпарт і патрабавалі адчыніць дзверы, аднак, яна адмовілася, бо была адна з хворай маці ў хаце, а наведнікі былі ёй невядомыя, як незразумелымі былі і іх намеры ў адносінах да яе. Яна папярэдзіла, што патэлефануе ў міліцыю, каб спраўдзіць, хто да яе прыехаў. Дзяжурны службы 102 адказаў, што «гэта магчыма супрацоўнікі дэпартаменту аховы Іўя з праверкай», аднак, усіх ахоўнікаў за 2 месяцы бясконцых (больш за 20 за месяц) праверак Рэгіна Лавор ужо паспела вывучыць, таму не паверыла словам дзяжурнага і папрасіла даслаць да яе нарад міліцыі. Пасля гэтага начныя наведнікі нечакана з’ехалі. Пасля прыезду супрацоўнікаў Іўеўскага РАУС спадарыня Рэгіна ізноў патэлефанавала ў дзяжурную службу, каб зафіксаваць сваю прысутнасць у хаце. Пасля гэтага супрацоўнік дзяжурнай службы 102 Халява заявіў, што першымі яе наведнікамі ў гэты вечар былі супрацоўнікі АМАП УУС Гарадзенскага аблвыканкаму.

Гэтыя няпрошаныя госьці прыехалі да Рэгіны Лавор другі раз ужо пасля 1 гадзіны ночы на тым жа сінім мікрааўтобусе і адразу пачалі грукацца ў абое ўваходныя дзверы. На гэты момант у доме былі яшчэ муж і сястра кабеты, таму яна ўпусціла наведнікаў. У хату па-гаспадарску ўваліліся 4 сілавікі ў аліўкавай форме, ніякіх пасведчанняў не паказвалі, прадставіцца таксама «забыліся». А за тое, што першы раз не адчыніла ім дзверы, на Рэгіну Лавор склалі чарговы пратакол за «парушэнне рэжыму адбыцця пакарання»

Спадарыня Лавор збіраецца абскарджваць прыпісанае ёй «парушэнне» і накладзены за яго арышт у 3 содняў, каб прывучыць так званых праваахоўнікаў выконваць свае ж законы. Відавочна, пры сёняшняй адсутнасці законаў як такіх, любыя скаргі будуць безвыніковымі, але фіксацыя парушэнняў працаўнікамі сістэмы будзе карыснай для будучай люстрацыйнай камісіі.

Каб не ўдзел у апошняй правакацыі гарадзенскага АМАПу, можна было б меркаваць, што падобная падвышаная цікаўнасць да асобы Рэгіны Лавор — гэта помства мясцовых чыноўнікаў-сілавікоў за «абразу». Але прыезд падначаленых Віктара Краўцэвіча схіляе да думкі, што гэта мэтная і цэнтралізаваная акцыя тэрору і запалохвання, што мусіць замацаваць у галовах беларусаў талерантнасць да гвалту і ўвесці ў норму начныя прыезды невядомых, якім нельга будзе ніякім чынам перашкаджаць трапляць у вашае жыллё.

Намеры зразумелыя, але слаба выканальныя ў ХХІ стагоддзі. Адсутнасць бяспечных умоваў існавання і немагчымасць ды нежаданне іх забяспечыць з боку дзяржавы, а таксама няспынны махавік рэпрэсіяў супраць грамадскай супольнасці прывядзе толькі да таго, што ўласную бяспеку людзі пачнуць умацоўваць самастойна даступнымі сродкамі.