Супярэчанняў не заўважылі, а парушэнняў чакана не выявілі Гарадзенская абласная пракуратура адказала на скаргу Людмілы Івашынай-Добінай.

Матар’ял падрыхтаваны паводле інфармацыі, прадстаўленай сваякамі Дзяніса Івашына

12 сакавіка 2021 года пасля арышту журналіста-фрылансера і палітвязня Дзяніса Івашына ў яго кватэры супрацоўнікі УКДБ па Гарадзенскай вобласці зладзілі ператрус у прысутнасці жонкі Вольгі і двух панятых. Сярод аператыўнікаў быў відэаператар, які фіксаваў працэс ператрусу на відэакамеру, аднак, у выніковым пратаколе ператрусу пазначана, што ніякіх навукова-тэхнічных сродкаў падчас следчага дзеяння не прымянялася.

Маці Дзяніса Людміла нават напісала адмысловую заяву на імя старэйшага следчага Лаўранчука, які распачаў справу супраць Івашына, у якой запыталася, ці можа быць упэўненая ў тым, што, калі фота-відэа здымка падчас ператрусу «не праводзілася», то можна спадзявацца, што нідзе і ніколі, ні ў якім выглядзе не з’явяцца кадры з кватэры сям’і Івашыных. Адказам быў толькі паўтор сцверджання пра тое, што фота-відэа фіксацыі не было.

На тым сітуацыя і скончылася б, аднак, амаль праз год на дзяржаўным прапагандысцкім канале «Беларусь 1» 22 сакавіка быў паказаны ролік пра «шпіёнаў» ва ўкраінскай амбасадзе і «агунтурнае сеціва», якое Украіна нібы спрабавала сварыць на тэрыторыі Беларусі. Сярод іншага ў прапагандысцкім паводле стылю і форме матар’яле ўзгадваўся і Дзяніс Івашын як удзельнік выдуманай КДБ шпіёнскай сеткі. А ў сам сюжэт уключылі некалькі фотаздымкаў і відэа-фрагментаў з прайшоўшага ператрусу і, меркавана, допытаў Івашына.

Пасля таго, як прамінула першае здзіўленне, Людміла Івашына-Добіна напісала запыт у Белтэлерадыёкампанію з мэтай даведацца, адкуль іх супрацоўнікі, відавочна незаконна, бо здымка ж не вялася, паводле выпісаных следчымі дакументаў, атрымалі гэтыя фота і відэа для свайго матар’яла. З адказам яўна зацягвалі, таму спадарыня Людміла была вымушаная звярнуцца ў пракуратуру Менска, каб дапамаглі дзяржаўнаму СМІ адказаць на зварот грамадзяніна РБ своечасова.

У хуткім часе пасля скаргі ў пракуратуру адказ намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Андрэя Іванца ўсё ж дайшоў да адрасата, агулам гэта заняло амаль цэлы каляндарны месяц, які звычайна выкарыстоўваюць пры патрэбе дадатковага вывучэння і праверкі пытання. Аднак сам адказ утрымліваў толькі спасылку на Закон «Аб СМІ» пра тое, што «журналіст СМІ не абавязаны называць крыніцу інфармацыі і не мае права раскрываць дадзеныя аб фізічнай ці юрыдычнай асобе, якая дала звесткі».

Атрымаўшы такі адказ, Людміла Івашына-Добіна, заканамерна звярнулася са скаргай у абласную пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў УКДБ па Гарадзенскай вобласці, якія, што вынікае з усяго вышэй напісанага, здзейснілі парушэнні падчас ператрусу: або незаконна здымалі працэсуальнае дзеянне, або «забыліся» гэта пазначыць у пратаколе.

Здавалася б, які можна атрымаць адказ на скаргу на відавочнае парушэнне? Рэпрэсіўна-беззаконная сістэма ў асобе абласнога пракурора Аляксандра Жукава адказала стандартным «парушэнняў закону пры правядзенні следчага дзеяння не выяўлена» і прапановай гэткі адказ абскардзіць, што спадарыня Людміла і збіраецца рабіць далей.