Спіс асобаў, якіх КДБ рэжыма ўнутранай акупацыі прызначыў тэрарыстамі, павялічыўся днямі на 12 чалавек, з іх ажно 9 (!) — жыхары Гарадзенскай вобласці. Ці то паветра на Гарадзеншчыне спрыяльнае да «тэрарыстычнай дзейнасці», ці то такая вычварная любоў у чэкістаў да нашых людзей, невядома. Але пра кожную асобу, «датычную да тэрарыстычнай дзейнасці», варта расказаць хоць пару словаў.

Андрэй Ражкоў, 50 гадоў. Быў затрыманы 17 лістапада 2021 года, абвінавачаны паводле 4-х артыкулаў КК РБ: Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ворганаў унутраных справаў (арт. 364); абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369); распальванне варожасці ці варажнечы (арт. 130); абраза суддзі (арт. 391).

У чым канкрэтна абвінавачвалі палітвязня, невядома, аднак, мяркуючы паводле інкрымінаваных артыкулаў, хутчэй за ўсё гэта былі камэнтары ў інтэрнэце.

Вынікам палітычнага пераследу стаўся неправамерны прысуд у 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, прызначаны Дзмітрыем Бубенчыкам з Гарадзенскага абласнога будынку суда.

Яўген Блахінскі, 24 гады. Затрыманы 18 студзеня 2022 года па вяртанні з Нямеччыны. Палітвязень абвінавачваецца паводле артыкулаў 130 (распальванне варожасці ці варажнечы) і 293 (массавыя беспарадкі) КК РБ. У «пакаяльным» відэа Яўген распавядаў пра ўдзел у «экстрэмісцкіх» чатах, камэнтары ў іх з заклікамі да «масавых беспарадкаў», забойстваў міліцыі, спальвання «табакерак».

4 траўня пачаўся так званы суд, справу разглядае Мікалай Рачынскі.

Юры Жукоўскі, 43 гады. Стандартныя абвінавачанні паводле чатырох артыкулаў КК за публікацыі ў інтэрнэце: ч.1 арт. 293 — масавыя беспарадкі; ч.1. арт. 342 — грубае парушэнне парадку, ч.1 арт. 130 — распальванне варожасці ці варажнечы; ч.1 арт. 368 — абраза грамадзяніна Лукашэнкі спрычыніліся да рэпрэсіўнага тэрміну ў 8 год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызначанага рукамі ўсё таго ж Дзмітрыя Бубенчыка.

Палітвязні Аляксандр Гаўрылік, 29 год, Бераставіца; Аляксандр Пятрашка, 34 гады, Гародня; Аксана Каспяровіч, 46 год, Ліда; Андрэй Кандратовіч, 31 год, Гародня. Усе чацвёра арыштаваныя ў верасні 2021 года па крымінальнай справе за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі Андрэя Зэльцара і Дзмітрыя Федасюка. Палітвязні абвінавачваюцца паводле арт. 130 КК РБ (распальванне варожасці ці варажнечы).

Канстанцін Ханін, 42 гады, Астравец. Раней ужо быў засуджаны на 2,5 гады за камэнтар на адрас прадстаўніка рэжыма (арт. 130 КК РБ). Адбывае пакаранне ў віцебскай калоніі №3 «Віцьба». Ці з’яўляецца факт уключэння ў спіс «тэрарыстаў» сведчаннем новага абвінавачання, невядома.

Іван Вярбіцкі, 57 год, Гальшаны. Затрыманы 21 кастрычніка 2020 года. За паведамленні ў тэлеграм-каналах, а таксама за нібы знойдзеныя падчас ператрусу боепрыпасы і выбухоўку быў засуджаны да 8 гадоў і 1 месяца пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыма паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага Кодэксу: ч.1 арт. 289 — падбухторванне да акту тэрарызма; арт. 295 — незаконнае набыццё, захоўванне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў; ч.1 арт. 377 — знішчэнне афіцыйных дакументаў. Прысуд агучыла 15 сакавіка 2021 года Людміла Пятрова з будынку суда Смаргонскага раёна. Палітвязень быў пераведзены з калоніі ў турму №4.

Нагадаем, што ўключэнне ў спіс асобаў, якія «датычныя да тэрарыстычнай дзейнасьці» з’яўляецца дадатковым спосабам ціску і здзеку з вязняў, бо аўтаматычна блакуе турэмны рахунак «тэрарыста», не дазваляючы пералічыць яму грошы на набыццё неабходных прадуктаў і рэчаў.