Сёння Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава адзначае сваё 16-годдзе — 19 чэрвеня 2006 года арганізацыя атрымала пасведчанне аб рэгістрацыі. БДПЧ паўстаў як вынік супольнай працы беларускіх праваабарончых арганізацый і Human Rights House Fondation.

А ідэя стварэння Дома з’явілася яшчэ ў 2002 годзе — у той складаны час, калі абсалютная большасць недзяржаўных арганізацый Беларусі была знішчаная працэдурай «перарэгістрацыі». Не ацалела ніводная з праваабарончых арганізацый Беларусі.

Беларускі дом правоў чалавека быў задуманы як выспа свабоды для беларускіх праваабаронцаў: месца для праваабарончых трэнінгаў, семінараў, імпрэзаў; і менавіта ў Вільні — бо ў Беларусі ладзіць такія сустрэчы было небяспечна і фактычна немагчыма. Але, акрамя месца пражывання і канферэнц-залы, Беларускі дом правоў чалавека стаў значна большым — ён стаў сапраўдным Домам.

Імя Барыса Звозскава, легендарнага праваабаронцы, што стаяў ля яго вытокаў (https://spring96.org/be/news/108084), Дом носіць з 2012 года.