Беларускі паэт, перакладчык, педагог, праваслаўны святар, дысідэнт Пятро Бітэль нарадзіўся 19 чэрвеня 1912 года ў мястэчку Радунь (цяпер Воранаўскі раён).

Пятро Бітэль нарадзіўся ў сям’і паштальёна. Бацькі паэта паходзілі з праваслаўных сялян Ашмянскага павета. Быў ахрышчаны ў Лідскім Міхайлаўскім саборы. Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Барунах. У 1931 годзе скончыў Беларускую Віленскую настаўніцкую семінарыю і да 1939 года працаваў настаўнікам, калі з пачаткам Другой сусветнай вайны быў мабілізаваны ў польскае войска. Як польскі афіцэр апынуўся ў савецкім палоне і ледзьве пазбег расстрэлу ў Катыні.

Вярнуўшыся з палону, зноў працаваў настаўнікам. У час вайны Пятро Бытэль быў вывезены немцамі ў Германію. А ў 1945 годзе яго вызвалілі і прызвалі ў Чырвоную армію. Пасля вяртання дадому некаторы час працаваў настаўнікам, але быў звольнены. Па блаславенні мітрапаліта Менскага і Беларускага Піцірыма (Свірыдава) вучыўся на пастырскіх курсах у Жыровічах на Слонімшчыне, пасля заканчэння якіх, у 1947 годзе быў рукапакладзены ў святара і накіраваны настаяцелем храма Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў вёску Міжэвічы Слонімскага раёна.

У 1949 годзе яго перавялі ў горад Докшыцы Віцебскай вобласці, дзе Пятро Бітэль падпаў пад пільную ўвагу органаў КДБ. У 1950 годзе айцец Пётр быў арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў лагеру. Ад следчага святар даведаўся, што ён асуджваецца, як “шпіён, дыверсант, нацыяналіст, што збіраў групу, мэтай якой было адарваць БССР ад Савецкага Саюза, што ў час акупацыі супрацаваў з немцамі і добраахвотна разам з імі ўцякаў у Германію, што схаваўся ад адказнасці за ўсе злачынствы пад святарскую расу і гэтак далей…”.

Зняволенне Пятро Бітэль адбываў у Кемераўскай вобласці, Омску і Джэзказгане. Сям’ю святара, якая цярпела здзек ад уладаў, увесь гэты час матэрыяльна падтрымваў мітрапаліт Піцірым.

У сталінскіх лагерах Пятро Бітэль перакладаў паэмы “Пан Тадэвуш”, “Конрад Валенрод” і “Гражына” Адама Міцкевіча на беларускую мову. А пісаў пераклады на паперы з мяшкоў з-пад цэменту. Рукапісы перакладаў захоўваюцца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску.

Пасля вызвалення айцец Пётр быў накіраваны на служэнне ў вёску Галавачы Скідзельскага раёна, а потым у горад Петрыкаў. Нейкі час выконваў абавязкі благачыннага цэркваў Жыткавіцкай акругі.

Бітэль з сям’ёй

У час узмацнення ціску антырэлігійнай прапаганды, святар прымушаўся да публічнага адмаўлення ад веры і Царквы, на яго сыпаліся пагрозы і спакуслівыя абяцанні. Нарэшце, у 1963 годзе айцец Пётр быў пазбаўлены рэгістрацыйнай даведкі, без якой нельга было служыць. Упаўнаважаны па справах культаў па Гомельскай вобласці адабраў яе, прычапіўшыся да таго, што на свята Прэабражэння служба ў царкве не была скончана, як ён загадаў, да 11 гадзін. Пятро Бітэль, апынуўшыся за штатам, ізноў працаваў настаўнікам у школе, дзе цярпеў пераслед з боку дырэктара-камуніста.

У 1970 годзе паэт скончыў Менскі педагагічны інстытут і курсы замежных моў у Маскве (аддзяленне нямецкай мовы). Да смерці займаўся перакладамі з нямецкай, польскай, украінскай, расейскай і іншых моў. Пераклаў на беларускую мову значныя творы А. Міцкевіча, польскамоўныя паэмы і п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю. Крашэўскага “Хата за вёскай”, (1989), паасобныя творы М. Канапніцкай, Б. Пруса, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, М. Лермантава, А. Пушкіна, І. Франко, Т. Шаўчэнкі, Б. Брэхта, Ё. В. Гётэ, Ф. Шылера і іншых. У 1984 годзе паэт стварыў гістарычную паэму пра святога найпадобнамучаніка Афанасія – змагара з уніяй – “Сказанне пра Апанаса Берасцейскага”.

Жыў і працаваў у Вішневе.

царква ў Вішневе

Памёр Бітэль у Маладэчне 18 кастрычніка 1991 года. Пахаваны ў Вішневе Валожынскага раёна, на магіле стаіць помнік. На Вішнеўскім Доме культуры вісіць мемарыяльная шыльда.