Хроніка пераследу гарадзенскага дзіцячага хоспісу мае доўгі спіс, пра які мы нагадаем ніжэй. А апошнім інцыдэнтам можна лічыць чарговую распачатую крымінальную справу супраць дырэктаркі арганізацыі Вольгі Вялічкі. Гэтым разам яе вінавацяць у дзейнасці ад імя ліквідаванай арганізацыі (ч.1 арт. 193 КК РБ). Спачатку нелегітымныя ворганы ўлады неправамерна ліквідалі хоспіс, а потым, напэўна, пакрыўдзіліся, што іх рашэнні ўжо нікога не цікавяць, і пачалі шукаць спосабы далейшага пераследу. Так званыя пракуроры «вывучалі банкаўскі рахунак паліатыўнага цэнтру» і заўважылі, што з верасня 2021 па красавік 2022 года праз яго праводзіліся фінансавыя аперацыі. Паколькі гэтыя «пракуроры» лічаць хоспіс ліквідаваным, то звінавацілі кіраўніцу арганізацыі, якая і распараджаецца згаданым рахункам, у дзейнасці ад імя ліквідаванай арганізацыі. Згодна з ч. 5 арт. 19 закона «Аб грамадскіх арганізацыях», дзейнасць ліквідаваных арганізацый сапраўды не дазваляецца. Аднак праблема існуе найперш у легітымнасці паўнамоцтваў тых, хто прымаў рашэнне пра гэтую ліквідацыю. Напэўна таксама маючы сумневы ва ўласнай правамоцнасці, ні тыя ж супрацоўнікі будынку Гарадзенскага абласнога суда, ні аблпракуратура не арганізавалі арышт рахунка Гарадзенскага дзіцячага хоспіса пасля абвешчанага рашэння пра яго ліквідацыю, а цяпер збіраюцца выправіць гэты «недалік».

Адной з першых гарадзенскіх арганізацый, якія пачаў пераследаваць рэжым пасля падзеяў 2020 года, быў менавіта дзіцячы хоспіс, які стварыла і якім доўгі час кіруе Вольга Вялічка. У жніўні 2021 года так званы Гарадзенскі абласны суд вырашыў зліквідаваць арганізацыю, што больш за трынаццаць год займалася дапамогай цяжка і безнадзейна хворым дзецям і іх сем’ям. Зрэшты і да 2020 хоспісу не давалі спакойна працаваць, спрабавалі знішчыць у розны спосаб, то насылаючы розныя кантрольныя арганізацыі, то ствараючы праблемы з пошукам і наймам памяшкання, а то і наогул ціснучы на супрацоўнікаў і ахвярадаўцаў гэтай арганізацыі.

Так бы мовіць, апошняй кропляй у вырашэнні лёсу хоспіса сталася актыўная грамадзянская пазіцыя яго дырэктаркі Вольгі Вялічка. Вольга была незалежным назіральнікам падчас электаральнай кампаніі 2020, а таксама адным з ініцыятараў і стваральнікаў Рады народнага даверу падчас масавых мірных пратэстаў. Менавіта пасля гэтага на адміністрацыю хоспіса быў нібы напісаны данос за фінансавыя махлярствы і пачалася праверка слушнасці сплаты хоспісам падаткаў. Паралельна абодва арандатары «вырашылі» скасаваць дамовы найму памяшканняў, што прымусіла хоспіс шукаць, так бы мовіць, новы дом. Апроч усяго саму Вольгу затрымалі падчас збору сродкаў на дабрачыннасць, у выніку чаго яна патрапіла пад варту на 24 гадзіны і была засуджаная да штрафу.

Праз распачатыя супраць Вялічкі 2 крымінальныя справы (нясплата падаткаў і ўдзел у пратэстах), а таксама пагрозу страціць уласных дзяцей праз актыўнасць «сацыяльных службаў», Вольга разам з сям’ёй вымушаная была з’ехаць з Беларусі. Улады нават спрабавалі «шукаць» і экстрадаваць яе праз Interpol, але марна. Цывілізаваны свет не паверыў у абсурдныя абвінавачанні, а факт палітычнага пераследу засведчыў сваёй адмовай выдаць уцекачоў.

Але і на гэтым самапрызначаныя ворганы супакоіцца не захацелі, працягнуўшы нападкі на рэшткі арганізацыі ў Беларусі. Пасля нелегітымнай ліквідацыі хоспіса, маёмасць была фактычна захопленая дзяржструктурамі, прытым, што абвінавацілі ў гэтым саму Вольгу. Назву арганізацыі, а таксама дабрачынныя скрыні, што стаяць і цяпер у шматлікіх месцах па ўсім горадзе, пачаў выкарыстоўваць бледны клон арганізацыі, падкантрольны уладам. І вось пачалася новая серыя рэпрэсій з удзелам супрацоўнікаў будынка абласной пракуратуры Гародні.