13 чэрвеня 2022 года ў будынку суда Ленінскага раёна Гародні было абвешчанае рашэнне аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі мясцовага СМІ HrodnaLife, а менавіта: інтэрнэт-старонкі ў сацсетцы Instagram, а таксама візуальных матар’ялаў, такіх як лагатып, лічбавы вадзяны знак ды іншыя выявы, экстрэмісцкімі. Суддзю не збянтэжылі памылкі ў пратаколе і нават у яго ўласным рашэнні, таму цяпер невядома, што дакладна прызнана экстрэмісцкім hrodno.life ці Hrodna.life. Але дабравольныя «дзяржаўныя людзі» ўжо даўно не тлумяць сабе галаву такімі «дробязямі». Галоўнае – прадэманстраваць лаяльнасць рэжыму ўнутранай акупацыі і выканаць спушчаны зверху загад.

Нагадаем, што сам інфармацыйны рэсурс ужо зазнаваў на сабе рэпрэсіі. Сайт парталу на тэрыторыі Беларусі заблакаваны. Тэлеграм-канал СМІ быў прызнаны экстрэмісцкім яшчэ ў ліпені 2021. А ў сакавіку мінулага году галоўны рэдактар інтэрнэт-рэсурса Аляксей Шота і рэдактарка спецпраектаў Ірына Новік (затрыманая на трое содняў, якія правяла ў ІЧУ на Кірава, 1) былі засуджаныя да вялізных штрафаў за рэпост з іншага рэсурса, раней прызначанага экстрэмісцкім. Апроч таго, некалькіх журналістаў партала затрымлівалі, збівалі і судзілі, з прычыны чаго некаторыя вымушаныя былі пакінуць Беларусь.