Скіраванасць лідскіх ідэолагаў яскрава выявілася ў час так званага “единого дня информирования в трудовых коллективах”. Пра гэтую нікому не патрэбную “падзею” расказаў і мясцовы тэлеканал. На відэа і фота добра відаць як мясцовыя чыноўнікі з сур’ёзнымі і заклапочанымі тварамі ствараюць выгляд працы і перад соннымі рабочымі чарговага прадпрыемства распавядаюць ім тое, што ўсе і так без іх добра ведаюць. Уражанне, што савецкі саюз вярнуўся ў яго класічным выглядзе.

Гаворка на гэтых “палітгадзінах” ішла пра – пажаранебяспечную абстаноўку ў лясах, правілы паводзін на вадзе, гвалт у сям’і, махлярства ў Інтэрнэце, падлеткаў і наркотыкі, ну і зразумела пра тое, як ідэолагі і БРСМ з усім гэтым гераічна змагаюцца.

Пры тым ні слова пра Расею не было, але ж на стале размясцілі расейскі сцяжок, дакладней яго перакручаны дагары нагамі варыянт. Так што ўжо атрымаўся нібыта сербскі сцяг. За сцяжком сядзяць намеснік старшыні Лідскага райвыканкаму па ідэалогіі Геннадий Владыко і кіраўнік усё таго ж аддзелу па ідэалогіі і справах моладзі Ирина Рябец.

Зразумела, што такія ідэолагі ў адзін дзень адмовяцца ад суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і “коленопреклоненно” стануць служыць свайму новаму “хозяину” з усходу.