22 чэрвеня ў гарадзенскай турме № 1 пачаўся допыт пацярпелых па «справе Аўтуховіча». Сярод іх — міліцыянт Ваўкавыскага РАУС і жыхар Ваўкавыска Анатоль Кавалевіч.

Міліцыянт, аўтамабіль і недабудаваны дом якога ўзарвалі напачатку кастрычніка 2020 года, заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай і маёмаснай шкоды, да ўсіх 12 фігурантаў справы. Маёмасная шкода, паводле ацэнкі экспертаў і праведзеных экспертыз, у суме склала 44 408,37 бел. руб. Маральная шкода ацэнена ў памеры 15 000 бел. руб.

Кавалевіч, які парваў сухажылле на назе, калі бег да машыны, бо думаў што гэта гарыць яго аўтамабіль, таксама заявіў пазоў аб кампенсацыі.

Сёння перайшлі да допыту супрацоўніка ОМОН. Згодна са следствам, 20 лістапада 2020 года Аўтуховіч, Сава і Папок узарвалі аўтамабіль «Skoda Octavia», які належыў омоновцу. Міліцыянт падаў пазоў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды на суму больш за 4 400 бел. руб., а таксама маральнай шкоды ў памеры 20 000 бел. руб.