20-гадовага хлопца асудзілі да года калоніі за каментар у бок Лукашэнкі амаль двухгадовай даўнасці

У судзе Ленінскага раёна Гародні абвешчаны прысуд 20-гадоваму Максіму Антановічу. Суддзя Руслан Гурын прысудзіў яму год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Для вынясення рашэння яму спатрэбілася шэсць хвілін.

Хлопца прызналі вінаватым у тым, што 5 жніўня 2020 года ён пакінуў каментар «Идиот тупорылый, гореть ему в аду» ў бок Лукашэнкі. Ён размясціў яго ў тэлеграм-чаце пад публікацыяй «Лукашэнка падпісаў загад пра прызыў на тэрміновую ваенную службу ў жніўні-лістападзе». Каментар знайшлі міліцыянты ў 2022 годзе падчас маніторынгу чата.

Згодна з тэкстам абвінавачання, хлопец «дзейнічаў з мэтай дыскрэдытацыі ўлады Рэспублікі Беларусі, прычынення шкоды іміджу і разлічваў на далейшае ўспрыняцце інфармацыі шырокім колам асобаў, а таксама ўсведамляў публічны характар сваіх дзеянняў».