23 чэрвеня прэс-служба УУС Гарадзенскага аблвыканкама паведаміла, што падчас праверкі маладога чалавека, засуджанага да абмежавання волі без накіравання («хатняя хімія») участковым міліцыянтам, азначаны грамадзянін раптоўна выхапіў нож і паспрабаваў сябе ім забіць ударам у грудзі. Прэс-служба сцвярджае, што міліцыянт моманту ўдару не заспеў, дзверы яму адчыніла бабуля «хіміка», якая і паведаміла пра спробу суіцыда. Паводле версіі міліцыянтаў, жыхар вёскі Капланаўцы спалохаўся, што за шматлікія парушэнні, якія ён нібыта ўчыніў, яму ўзмоцняць пакаранне і перанакіруюць у калонію.

Як штампуюцца пратаколы за «парушэнні» дзеля абцяжарання ўжо прызначаных карнай сістэмай рэжыма Лукашэнкі пакаранняў, даўно вядома. Так была нядаўна засуджаная да 3 гадоў калоніі пенсіянерка Алена Гнаук, якая раней адбывала «хатнюю хімію». Тое ж самае, меркавана, збіраюцца зрабіць і са стваральніцай музэю ў Іўі Рэгінай Лавор. Таму не дзіўна, што людзі баяцца падобнага, справядліва уяўляючы ўмовы ўтрымання вязняў у рэжымных калоніях і турмах, легалізаваную сістэму прыніжэння і катаванняў, якая там існуе.

На жаль, гэта таксама ня першая спроба самазабойства як пераследаваных, так і ўвязненых нелегітымным рэжымам у Беларусі. У студзені бягучага году Зміцер Дудойць, які быў абмежаваны ў волі на два гады, забіў сябе, скочыўшы з моста ў Магілёве, замест таго, каб вярнуцца ў ПУАТ. Таксама вядомая трагічная гісторыя падлетка Змітра Стачэўскага, якога да самагубства давёў Следчы Камітэт пераследам і пагрозамі ўвязнення. А найбольш нашумелай была гісторыя палітвязня Сцяпана Латыпава, які паспрабаваў учыніць самазабойства проста ў залі судовага паседжання па сфабрыкаванай на яго крымінальнай справе, пратэстуючы такім чынам супраць катаванняў і запалохванняў арыштам блізкіх.

Так званая пенітэнцыярная сістэма Беларусі ўжо даўно не мае намеру выправіць чалавека, які нібы ці сапраўды парушыў закон, паколькі сама тыя законы парушае штодня. Адзінай мэтай існавання турмаў і калоній, а роўна ж і «папраўчых установаў» адкрытага тыпу ў Беларусі з’яўляецца прагненне псіхалагічнай ломкі асобы вязня, пераўтварэнне яго ў бязвольнага безініцыатыўнага бяспраўнага раба, які нават у думках не здольны на супраціў гвалтаўнікам у пагонах. У такіх умовах некаторыя бачаць для сябе адзінае выйсце ў фізічным спыненні свайго існавання разам з пакутамі.

Таму неабходна найперш арганізоўваць механізмы псіхалагічнай падтрымкі для вязняў і іх сваякоў, максімальна распаўсюджваць інфармацыю пра такія ініцыятывы і арганізацыі ў грамадстве, каб прадухіліць падобныя сумныя выпадкі.