Праўладны тэлеграм-канал змясціў у сябе 23 чэрвеня відэа чарговага затрымання беларуса за яго актыўную грамадзянскую пазіцыю і выказванне ўласнага меркавання ў сеціве інтэрнэт. На мове ўзурпатараў улады гэта гучыць як «распаўсюд экстрэмісцкіх матар’ялаў і абраза супрацоўнікаў АУС і прэзідэнта», пра што затрыманы «прызнаецца» і за што выбачаецца ў гэтым «пакаяльным» відэа-роліку.

Паводле тэлеграм-канала, нараджэнец Ваўкавыска раней быў выехаў з краіны, але з нейкай прычыны вярнуўся на радзіму, дзе і быў затрыманы праз некалькі дзён пасля вяртання.

Затрыманне неназванага жыхара Ваўкавыска, адбывалася ў рэжыме відэафіксацыі, аператар здымаў амаль кожны крок людзей у форме. А з самога відэа-роліка можна зрабіць выснову, што супрацоўнікі структуры пад назвай «ОМОН г. Гродно» ужо нават не спрабуюць рабіць выгляд ахоўнікаў закону. З імі ж выстаўленага відэа можна лёгка ўбачыць, што ў дом грамадзяніна мінімум чацьвёра разам з аператарам невядомых заходзяць абсалютна спакойна. Ім адчыняе, меркавана, сын затрыманага, а сам мужчына яшчэ спіць на канапе. Аднак людзі ў спецэкіпіроўцы са зброяй наперавес чамусці хапаюць чалавека, які ім відавочна не супраціўляецца, сцягваюць яго на падлогу, пачынаюць круціць рукі за спінай, а ў наступным кадры ў заламаным выглядзе ў адных майтках валакуць з іхнага бусіка ў будынак Ваўкавыскага РАУС, дзе ўжо палонны ўсё ў тых жа адзіных майтках «прызнаецца» ў сваіх «правінах» перад гэтымі злачынцамі. І ўсё гэта дэманструецца пад эпічнейшую музыку ў стылі ці то кепскага комік-шоў, ці то яшчэ горшага галівудскага баевіка. А рэмба-злачынцы лічаць, што гэта выглядае крута, бравуюць сваёй беспакаранасцю, выхваляюцца садысцка-тэрарыстычнымі замашкамі.

Хочацца спытаць у відавочных здзяйчняльнікаў безпадстаўнага гвалту, як даўно яны перачытвалі (ці чыталі наогул) Закон «Аб міліцыі», інструкцыі па ўжыванні сілы і спецсродкаў, чым кіраваліся падчас гэтага затрымання, больш падобнага на захоп закладніка? Ніякія загады на арышт не дазваляюць ужываць сілу супраць чалавека, які не чыніць супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў. Ніякія інструкцыі не прадугледжваюць ужыванне спецсродкаў, напрыклад, кайданкаў супраць бяззбройнага грамадзяніна, які не ўяўляе небяспекі для атачэння ці самога сябе. Навошта тады ўсё гэта было ўжыта? Найверагодней, для запалохвання грамадства, што выяўляе менавіта палітычна рэпрэсіўны характар служак і ўсяго рэжыма ўнутранай акупацыі, які захапіў і дагэтуль утрымлівае неканстытуцыйным чынам уладу на тэрыторыі Беларусі.

Калі законамі не кіруюцца тыя, хто іх мусіць абараняць, то звычайна гэта сканчваецца поўнай анархіяй і самасудамі, але кожны злачынца, які законамі прыкрываецца, шчыра і беспадстаўна верыць, што наступствы ім створанага беззаконня яго асабіста ці яго сваякоў не крануць.