Беларускі педагог, краязнавец, літаратуразнавец, паэт Пётр Марціноўскі нарадзіўся 28 чэрвеня 1932 года ў вёсцы Катчыно (Мастоўскі раён). Большая частка яго жыцця прайшла пражыта ў мястэчку Дзярэчын у Зэльвенскім раёне. Бацькі Пятра Марціноўскага былі звычайныя сяляне. Маці непісьменная, а бацька – самы адукаваны чалавек на вёсцы. Ён меў прыгожы почырк, пісаў і ведаў добра беларускую, рускую і польскую мовы. А яшчэ Мікола Марціноўскі быў майстрам на ўсе рукі, але найперш вясковым рацыяналізатарам. Сам зрабіў тры веялкі для ачысткі насення ад мякіны пасля абмалоту. Змайстраваў станок для вырабу прасяной крупы і шмат чаго іншага. Бацька пастаянна выпісваў газеты і часопісы. У доме збіраліся вяскоўцы, дзе за газавай лямпай бацька чытаў людзям пра тое, што адбывалася ў свеце. А Пётр з братам рыхтавалі ўрокі.

У 1944 годзе Пётр Марціноўскі паступіў у 5-ы клас Дзярэчынскай сярэдняй школы. Пачаў пісаць замалёўкі, вершы, інфармацыі ў Зэльвенскую раённую газету. У школе захапляўся яшчэ музыкаю, граў нядрэнна на мандаліне. Марыў з адною дзяўчынай паступаць у кансерваторыю. Пазней, да апошніх дзён жыцця паэзію і музыку любіў аднолькава.

Пасля службы ў войску Марціноўскі вярнуўся на радзіму і пачаў працаваць настаўнікам у Дзярэчынскай сярэдняй школе. Работу ў школе сумяшчаў з завочнай вучобай ў Гродзенскім педінстытуце. А з 1969 года і да пенсіі працаваў у гэтай школе намеснікам дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце. Пра стыль і метады навучання ў Дзярэчынскай СШ напісаў і выдаў брашуру “У нагу з часам” (1986 г.). Першыя селькораўскія карэспандэнцыі Пятра Марціноўскага былі надрукаваны напачатку 1950-ых гадоў у Зэльвенскай раённай газеце. Пасля матэрыялы на самыя розныя тэмы з’яўляліся на старонках газет “Звязда”, “Гродзенская праўда”, “Літаратура і мастацтва”, іншых выданняў. Цэлы час дзярэчынскага настаўніка хвалявалі пытанні адраджэння беларускай мовы, літаратуры і культуры. Адсюль і тэматыка ягоных публікацый.

Светлымі старонкамі ў жыцці Марціноўскага былі сустрэчы і шчырае сяброўства з паэткай Ларысай Геніюш. З ёю ён пазнаёміўся ў канцы 1950-ых гадоў, пасля таго, як паэтка вярнулася ў 1956 годзе ў Зэльву. У 2002 годзе ў Слоніме выйшла з друку кніжка ўспамінаў пра Геніюш Пятра Марціноўскага “Наша Лорка”. Ларыса Антоноўна часта гасціла ў Марціноўскіх у Дзярэчыне, ды і яны неаднаразова наведвалі хату Геніюшаў у Зэльве.

Цягам 25 гадоў Пётр Марціноўскі кіраваў зэльвенскім раённым літаб’яднаннем “Зоры над Зальвянкай”. Сам рыхтаваў вершы да друку, ладзіў літаратурныя сустрэчы, вечарыны. Па запрашэнні літаб’яднання на Зэльвеншчыне пабывалі пісьменнікі Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Алег Лойка, Алесь Асіпенка, Мікола Гроднеў, Данута Бічэль, Юрка Голуб, Міхась Скобла, Уладзімір Мазго, іншыя. З 2006 года Марціноўскі пісаў толькі песні, атрымаўся цэлы альбом “Ах, Ірына, Ірына…”. А музыку на яго словы ладзіў Уладзімір Плюта. Некалькі песень Марціноўскага пасля яго смерці былі апублікаваны ў зборніку “Зоры над Зальвянкай”. Пераважна гэта былі лірычныя паэтычныя радкі пра каханне з першага погляду, спатканне, суседку і г.д. Плённа супрацаваў з мясцовым кампазітарам Уладзімірам Плютам. Марціноўскі і Плюта, выйшаўшы на пенсію, стварылі творчы дуэт, пладамі якога сталі шматлікія песні.

Памёр Пётр Марціноўскі ў Дзярэчыне 2 лютага 2006 года.