
Палітвязню Юрыю Кавалёву за тры дні да вызвалення з калоніі прызначылі прымусовае лячэнне па новай крымінальнай справе
Суд Ваўкавыскага раёна 28 чэрвеня асудзіў палітвязня Юрыя Кавалёва (https://prisoners.spring96.org/be/person/juryi-kavaliou), які мусіць выйсці на волю з калоніі 1 ліпеня. Палітвязень адбывае тэрмін у ваўкавыскай калоніі № 11 за абразу Лукашэнкі. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 КК. Справу разглядаў суддзя Мікалай Талашка.
У сярэдзіне чэрвеня 2022 года стала вядома, што адміністрацыя ваўкавыскай калоніі ініцыявала супраць жыхара Чачэрску ўзбуджэнне крымінальнай справы за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі (ч. 1 арт. 411 КК). Паводле гэтага артыкула, палітвязню пагражала да яшчэ аднаго года ў зняволенні. Але, як паведамілі сыну Юрыя ў судзе, яму прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.