28 чэрвеня кіраўнік гарадзенскай філіі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў паведаміў пра затрыманне іншага мясцовага актывіста Дзмітрыя Бандарчука. Паводле словаў Саранчукова Змітра падчас затрымання збілі, у хаце зладзілі ператрус і звезлі на бусіку на менскіх нумарах у невядомым кірунку.

Нікому з родных гарадзенца не было паведамлена ані пра затрыманне, ані пра месца знаходжанне сваяка, ані пра стан яго здароўя, ані пра высунутыя яму абвінавачанні.

Урэшце пасля шматлікіх тэлефанаванняў актывіст быў адшуканы ў аддзяленні міліцыі мікрараёна «Дзевятоўка» на вул. Дубко.

Абвінавачваюць яго, паводле словаў міліцыянтаў, у распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матар’ялаў (улётак). Да меркаванага, так бы мовіць, суда Дзмітрый Бандарчук застанецца за кратамі.