З тэрыторыі Беларусі ізноў паляцелі ракеты па ўкраінскіх населеных пунктах. Ноччу на 25 чэрвеня, пакуль правіцель РБ «гасцяваў» у Пуціна, расейскія бамбардзіроўшчыкі прыляцелі ў Беларусь і здзейснілі каля чатырох дзясяткаў пускаў смертаносных ракет. Падкрэслю, менавіта з тэрыторыі Беларусі армія чужой краіны здзяйсняе цэлыя ваенныя аперацыі. Чарговая такая правакацыя зробленая для таго, каб Узброеныя сілы Украіны зрабілі ўдар у адказ па аб’ектах у Беларусі, што развяжа рукі агрэсарам і дазволіць пагнаць беларускае войска праз мяжу. Украіна пакуль стрымліваецца і не наносіць такіх удараў – але ці надоўга хопіць ёй вытрымкі. Да ўсяго ў арсенале ў пуцінскай банды – цэлая процьма палітычных і ваенных правакацый. Украінская выведка ўжо агучыла адзін з планаў расейскіх спецслужбаў – здзейсніць шэраг тэрарыстычных выбухаў і абстрэлаў па стратэгічна ключавым палескім беларускім горадзе Мазыр, звінаваціўшы пры тым Украіну. Гэта старыя правераныя прыёмчыкі, калі расейская ФСБ узрывала жылыя дамы ў сваіх гарадах, вінаваціўшы пры тым чачэнцаў.

Беларусь для Масквы – гэта традыцыйны ваенны палігон, поле для эксперыментаў і правакацый. Так было заўсёды, але гісторыя дваццатага трагічнага стагоддзя так і не навучыла беларускі народ у сваёй пераважнай масе. Людзі так і не зразумелі ні расстрэлаў у Курапатах, ні сутнасці другой сусветнай вайны, ні пазнейшых падзей, калі на палескіх балотах праводзілі вайсковыя выпрабаванні, калі беларускіх хлопцаў выпраўлялі на смерць у горы Афганістана, калі на беларускую зямлю авіяцыяй садзілі чарнобыльскія радыёактыўныя аблокі. Не зразумелі, што Масква заўсёды нясе на беларускую зямлю вайну, разбурэнні і бяду ў сама разнастайных праявах.

Маскоўская дзяржава – гэта абсалютнае зло. Людзі гэтага не зразумелі, а нацыянальна сведамая частка грамадства так і не змагла растлумачыць гэта шырокім масам. Многія з старэйшага пакалення беларусаў дагэтуль вераць не свайму жыццёваму досведу, а тэлевізійнай чужынскай прапагандзе. Прыгадваецца тут старая карыкатура канца 1980-ых гадоў. На бусла ўскараскаўся тоўсты мядзведзь, які сядзіць з каністрай ні то бензіну, ні то нафты ў руках, прыдушыўшы птушку. Ну а бусел знізу падае кволы голас: «Без Расеі мне будзе цяжка падняцца». За такое неразуменне зараз плацяць не толькі тыя, што зрабілі фатальны выбар зла ў 1994-1995 гадах, але ўжо і пакаленне іхных унукаў.

Маскве абавязкова было патрэбна ўцягнуць Беларусь у сваю захопніцкую і несправядлівую вайну. У значнай ступені гэта ўжо ўдалося – беларусы ў замежжы ўспрымаюцца многімі таксама як акупанты, на беларусах цэлымі ўрадамі дзяржаў пастаўлена чорная метка. Прадажнымі палітыкамі і ідыётамі Беларусь усё больш упіхваецца ў імперскую пашчу Расеі. Санкцыі, якія павінны былі быць кропкавымі і павінны былі ўведзены намнога раней супраць рэжыму і яго прадстаўнікоў, зараз б’юць пераважна па звычайных людзях, па тых, хто працяглы час змагаўся супраць антычалавечага рэжыму. Міжнародным правам Беларусь дагэтуль не прызнаная акупаванай дзяржавай. А пуцінская Расея дагэтуль не прызнананая дзяржавай-тэрарыстам.

Зараз Пуціну надзвычай патрэбна ўцягнуць Беларусь у наземную аперацыю супраць Украіны. Пры тым ні на якія ваенныя поспехі так званага беларускага войска на ўкраінскім кірунку Крэмль і не разлічвае. Гэта проста класічнае divide et impere – падзяляй і ўладар. Няхай беларусы заб’юць тысячу ўкраінцаў, а ўкраінцы – 10 тысяч беларусаў. Чым больш смерцяў і ахвяраў – нават ня важна з якога боку – тым лепш для ідэолагаў гэтай вайны. Яны традыцыйна не шкадуюць нават сваіх салдат. І гэта таксама разлік – чым больш будзе вынішчана маладых здаровых мужчын на вайне – тым лягчэй будзе ўзурпатарам утрымліваць уладу ў сваёй расейскай імперыі ў перспектыве.

Беларусь для Расеі – палігон правакацый і ядзернага шантажу. Лукашэнка патрэбен Крамлю толькі для афармлення сваіх планаў і дзеянняў. Цяпер заяўлена, што Расея паставіць на тэрыторыю Беларусі ракеты-Іскандэры, магчыма з ядравымі боегалоўкамі. І канешне ж для «абароны» беларусаў…

Уладзімір Хільмановіч