Прапануем вашай увазе рэгіянальны каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на ліпень.

1 ліпеня

210 гадоў таму (1812) – Напалеон абвесьціў узнаўленьне Вялікага Княства Літоўскага і стварыў часовы ўрад ВКЛ.

3 ліпеня

230 гадоў таму (1792) – Бітва пад Зэльвай, расейскія войскі занялі Зэльвеншчыну.

5 ліпеня

250 гадоў таму (1772) – Расея, Аўстра-Венгрыя, Прусія заключылі ў Пецярбургу трактат пра падзел Рэчы Паспалітай (першы падзел).

6 ліпеня

20 гадоў таму (2002) – Памёр Міхась Рагуля, грамадзкі, культурны дзеяч, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, ЗША). Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку (ЗША). Нараджэнец в. Ачукевічы (Наваградзкі р-н).

7 ліпеня

450 гадоў таму (1572) – Памёр Жыгімонт ІІ Аўгуст, вялікі князь ВКЛ і кароль польскі ў 1548-72 гг, фармальна з 1529 г. Скончылася дынастыя Ягайлавічаў, якая кіравала ў ВКЛ і Польшчы 186 гадоў.

9 ліпеня

20 гадоў таму (2002) – У Міры генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каіціра Мацуура ўрачыста адкрыў помную дошку на Мірскім замку, якая сьведчыць пра тое, што замак улучаны ў сьпіс сусьветнай культурнай спадчыны.

13 ліпеня

430 гадоў таму (1592) – У Кракаве памёр Альбрыхт Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Валодаў маёнткамі Лаздуны, Геранёны (Івейскі р-н).

95 гадоў таму (1927) – У Скідалі (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Ільля Барысаў, беларускі журналіст, краязнавец, эколаг.

14 ліпеня

30 гадоў таму (1992) – У Гародні памёр Аляксей Карпюк, беларускі пісьменьнік, грамадзкі дзеяч. Пахаваны на могілках па прасп. Касманаўтаў.

15 гадоў таму (2007) – Каля ўезду ў Ваўкавыск пастаўлены і асьвечаны крыж у памяць ахвяраў таталітарных рэжымаў XX стагоддзя.

19 ліпеня

110 гадоў таму (1912) – У в. Мондзіна (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Аляксей Анішчык, беларускі краязнавец, педагог, пісьменьнік.

95 гадоў таму (1927) – У в. Загора (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Міхась Саўка, беларускі і бельгійскі мастак-рэстаўратар, мастацтвазнавец, археолаг.

20 ліпеня

95 гадоў таму (1927) – У Яраслаўлі нарадзіўся Віктар Данілаў, вязень ГУЛАГу, рэлігійны дысідэнт, тэолаг, публіцыст, сьвятар Грэцка-каталіцкай царквы, стваральнік Гарадзенскай парафіі Маці Божай Фацімскай.

21 ліпеня

65 гадоў таму (1957) – У Слоніме нарадзіўся Уладзімір Раманоўскі, беларускі вясьляр, чэмпіён манрэальскай алімпіяды ў байдарцы двойцы на дыстанцыі 1000 м, сярэбраны прызёр на 500 м.

22 ліпеня

170 гадоў таму (1852) – У в. Баландзічы (Янаўскі р-н, Берасьцейшчына) нарадзілася Марыя Бутаўт-Андрайковіч, беларуска-польская мастачка. Жыла ў маёнтку Гарнастаевічы (Сьвіслацкі р-н).

23 ліпеня

220 гадоў таму (1802) – Указам расейскага імператара Аляксандра І быў устаноўлены герб Літоўска-Гарадзенскай губерні: у верхняй частцы шчыта “Пагоня”, у ніжняй – зубр (быў афіцыйным да 1845 г.).

95 гадоў таму (1927) – У в. Вялікая Кракотка (Слонімскі р-н) гуртком ТБШ была пастаўлена камедыя Янкі Купалы “Паўлінка”.

24 ліпеня

455 гадоў таму (1567) – Жыгімонт Аўгуст прымае ў Гародні па чарзе маскоўскае, турэцкае і малдаўскае пасольствы. Мастак Ганс Адэльгаўзер робіць малюнак з натуры. У 1568-ым Мацей Цюндт стварыў па ім гравюру “Старажытная Гародня”.

85 гадоў таму (1937) – У в. Падкасоўе (Наваградзкі р-н) нарадзілася Ірэна Каляда-Сьмірнова, мецэнатка, дзяячка беларускай эміграцыі (ЗША).

25 ліпеня

25 гадоў таму (1997) – У Рочастары (ЗША) памерла Натальля Арсеньнева, беларуская паэтка, дзяячка беларускай эміграцыі (ЗША). У 1922-24 гг. жыла ў Слоніме.

10 гадоў таму (2012) – У Гародні памерла Тамара Талерчык, беларуская настаўніца, актывістка ТБМ. Пахавана на могілках Аульса.

26 ліпеня

430 гадоў таму (1592) – У Кракаве памёр Ян Кішка (нар. каля 1540 г.), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, заснаваньнік Івейскай арыянскай школы.

230 гадоў таму (1792) – Мястэчка Астрына (Шчучынскі р-н) атрымала герб – у блакітным полі срэбная вежа з чырвоным дахам, на даху збройная рука з палашом.

30 гадоў таму (1992) – У першы дзень барселонскай алімпіяды ў першым жа відзе алімпійскім чэмпіёнам па стральбе з адвольнага малакалібернага пісталету стаў гарадзенец Канстанцін Лукашык.

28 ліпеня

210 гадоў таму (1812) – У Варшаве нарадзіўся Юзаф Ігнацы Крашэўскі, пісьменьнік, гісторык, грамадзкі дзеяч. Вучыўся ў Сьвіслачы.

30 ліпеня

105 гадоў таму (1917) – У Вільні ў час імшы памёр Ян Курчэўскі, беларускі каталіцкі духоўнік, гісторык, педагог. Пахаваны ў капліцы на могілках Росы. Нараджэнец в. Данюшава (Смургонскі р-н, паводле іншай версіі в. Солы).

31 ліпеня

220 гадоў таму (1802) – У маёнтку Мядзьведка (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Ігнат Дамэйка, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху, філамат, геолаг, мінеролаг, нацыянальны гэрой Чылі. З 1884-га па 1888 г. жыў у маёнтку Жыбартоўшчына (Дзятлаўскі р-н).

80 гадоў таму (1942) – Каля Наваградку гітлераўцы расстралялі 60 мірных жыхароў і двух каталіцкіх сьвятароў – Міхала Далецкага (з 1924 г. служыў пробашчам ва Усялюбе, Наваградзкі р-н, з 1933 г. быў дэканам і пробашчам у Наваградку) і Юзафа Кучынскага.

10 гадоў таму (2012) – У Менску памёр Янка Саламевіч, беларускі літаратуразнавец, фалькларыст, бібліёграф. Нараджэнец в. Малая Кракотка (Слонімскі р-н).