Палітвязень, інвалід другой групы інваліднасці Уладзімір Гундар пакараны адміністрацыяй турмы 10 суткамі карцара за супраціў распрананню дагала для прасвечвання праз рэнтген адзення кожны раз, калі вядуць у судовую залю.

Кіраўніцтва турмы і суддзя праігнаравалі хадайніцтва падсудных пра адмену гэтай працэдуры штораз перад судовым працэсам. Апошні раз Гундар стаў супраціўляцца і яго прымусова распранулі да майткаў і прыкавалі да клеткі. У адказ ён аб’явіў галадоўку.

Кажа яго жонка Алена Гундар:

– Адвакат сустрэлася з ім, размаўляла. Адразу сказаў ёй, што галадоўку не адменіць нягледзячы ні на што. Мы напісалі яму лісты, я і дачка Інга прасілі, каб спыніў галадоўку, але ж не. Гундар перадаў родным словы падзякі за турботы, але сказаў, што ён адступаць не збіраецца.

Уладзімір Гундар уваходзіць у «групоўку тэрарыстаў» Мікалая Аўтуховіча, якога вінавацяць у”здрадзе дзяржаве”, „стварэнні злачыннай арганізацыі”, „акце тэрарызму”, „замаху на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.