Гарадзеншчына па-ранейшаму трымае годна марку самага ідэалагічна небяспечнага для рэжыму ўнутранай акупацыі рэгіёна краіны.

30 чэрвеня КДБ РБ прыняў рашэнне прызнаць адразу 5 тэлеграм-чатаў з Гарадзенскай вобласці «экстрэмісцкімі фармаваннямі». У спіс новых «экстрэмісцкіх фармаванняў» патрапілі ўжо раней прызнаныя экстрэмістамі і даўно вядомыя ў пратэставых колах грамадства «Гродно 97%» і «Ліда 97%», а таксама ганарлівыя людзі з Горадні, Ваўкавыска і Слоніма, а менавіта «Гордые Гродненцы», «Гордые «Волковычане» і «Гордые Слонимчане». Не выпадкова менавіта людзі з гонарам, як сведчыць назоў большасці чатаў, прыцягнулі ўвагу ахоўнікаў рэжыма. Бо бяспраўныя рабы, якія звыкліся са сваім рабскім станам, і не супраціўляюцца безаконню ў дачыненні да сябе, ёсць галоўнымі ўтрымальнікамі дзяржаўных злачынцаў і электаральным падмуркам любой недэмакратычнай улады.

Нагадаем, што, згодна нават з цяперашнімі «законамі», падпіска на «экстрэмісцкія рэсурсы» ня можа лічыцца злачыннай і цягнуць за сабой адміністрацыйную ці крымінальную адказнасць, а толькі непасрэднае адміністраванне, выстаўленне ці камэнтаванне матар’ялаў рэсурса і перасыланне іх. Аднак нагадаем таксама, што Беларусь даўно знаходзіцца ў стане прававога дэфолту, таму раім захоўваць меры інфармацыйнай бяспекі пры карыстанні згаданымі ды іншымі рэсурсамі.