«Моцна схуднеў, становіцца шэрым». Інвалід II групы Уладзімір Гундар 8-ы дзень трымае сухую галадоўку ў карцары

29 чэрвеня 61-гадовы фігурант «справы Аўтуховіча», баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар абвясціў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць няспынных здзекаў сілавікоў і парушэння сваіх правоў. Спыніць яе палітвязень збіраецца пасля выхаду з карцару, куды яго «за дрэнныя паводзіны» змясцілі 30 чэрвеня на 10 сутак.

Яго жонка, Алена, кажа, што Уладзімір выглядае кепска.

«Валодзя становіцца шэры. Вельмі схуднеў. Адвакатка патрабавала, каб яго паглядзеў проста на паседжаньні доктар. Той вымераў ціск, сказаў, што 138 на 80. Аднак абязводжвання арганізму, па словах лекара, нібыта няма. А як гэта няма?! Калі ён столькі дзён ня п’е вады, але, паводле іх (доктара і адміністрацыі), «гэта нічога страшнага». Яны кажуць — «ён жа сам добраахвотна, мы яго не прымушаем, хай бы пачаў есці».