Імёны зняволеных “вясноўцаў” прагучалі падчас сесіі Савета па правах чалавека ААН

29 чэрвеня ў Жэневе на 50-й сесіі Савета па правах чалавека Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы у галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн прадставіла свой чарговы даклад пра парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне, які ахоплівае перыяд з 1 красавіка 2021 году па 31 сакавіка 2022 году.

Пасля гэтага адбыўся інтэрактыўны дыялог, у якім прыняў удзел праваабаронца “Вясны” Павел Сапелка. Ён падзякаваў Савету па правах чалавека за заснаванне і захаванне з 2012 года мандата Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі, а таксама спадарыні Анаіс Марэн за прадастаўленне беларускай праваабарончай супольнасці важнага інструмента для прадстаўлення дакладаў і прыцягнення ўвагі міжнароднай супольнасці.

Я са шкадаваннем вымушаны прызнаць, што за гэтыя гады мы так і не дасягнулі таго моманту, калі перагляд мандата стаў бы неактуальным. Гэта стала асабліва актуальна пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Кошт захопу ўлады Лукашэнкам – 1240 палітычных зняволеных, ліквідацыя больш за 700 НДА, рэпрэсіі ў дачыннені да дзясяткаў тысяч людзей: асуджаных, пазбаўленых працы, выгнаных, аштрафаваных, арыштаваных і падвергнутых катаванням.

Аднак нават гэтыя маштабныя рэпрэсіі не змаглі ўтрымаць беларусаў ад асуджэння расейскай агрэсіі супраць Украіны і процідзеяння падтрымцы беларускімі ўладамі гэтай агрэсіі. Жорсткая рэакцыя беларускіх уладаў на антываеннае іншадумства дадала сотні ахвяраў жорсткасці, бесчалавечнага абыходжання і катаванняў да тысячаў ўжо задакументаваных выпадкаў”.

Павел Сапелка прасіў не пакідаць без увагі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, бо па яго меркаванні, тэрор супраць уласных грамадзянаў дазволіў беларускім уладам развязаць агрэсіўную вайну супраць волі беларускага народа.

Прадстаўніца Right Livelihood Foundation падзякавала Спецдакладчыку за ўвагу, якую яна надала зняволеным праваабаронцам “Вясны”. Яна адзначыла, што прайшоў амаль год, як кіраўніцтва “Вясны” было зняволеныя, колькасць палітзняволеных падвоілася, і ўсе яны знаходзяцца ў бесчалавечных умовах.

“Мы хочам звярнуць вашую ўвагу на сітуацыю з Марфай Рабковай, якая не атрымоўвае неабходнай медыцынскай дапамогі. Мы ўвесь час заклікаем улады выканаць міжнародныя праваабарончыя абавязальніцтвы і неадкладна вызваліць сямёрку зняволеных праваабаронцаў “Вясны” і іншых палітычных зняволеных”, – падкрэсліла выступоўца.

Прадстаўніца Human Rights Watch таксама адзначыла, што ў Беларусі больш за 1200 палітвязняў, сярод якіх сем прадстаўнікоў вядомай праваабарончай арганізацыі “Вясна”. Улады Беларусі ў 2021 годзе закрылі ўсе праваабарончыя арганізацыі ў краіне, а ўдзел у такіх арганізацыях прыраўняны да злачынства.

Прадстаўніца Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) у сваім выступе сказала, што праваабронцы падвяргаюцца бесперапыннаму пераследу і падкрэсліла:

“Усяго праз два тыдні мы будзем адзначаць гадавіну адвольнага затрымання лідараў Праваабарончага цэнтра “Вясна” – Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. Чацвёра іншых сябраў “Вясны” таксама знаходзяцца ў зняволенні, а таксама па меншай меры 30 журналістаў і работнікаў СМІ і чатыры адвакаты. У Беларусі налічваецца больш за 1200 палітвязняў. Катаванні і жорсткае абыходжанне ў дачыненні да палітычных зняволеных, так і іншых зняволеных па-ранейшаму шырока распаўсюджаныя”.

Выступоўца заклікала Савет па правах чалавека працягнуць мандат Спецдакладчыка па Беларусі.

Марфа Рабкова: “Галоўнае — захаваць сябе, бо наперадзе яшчэ столькі працы для дабрабыту нашай краіны”

Каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова даслала адказ на паштоўку, якую атрымала на пачатку чэрвеня. Цікава, што паштоўка была датаваная жніўнем мінулага года, але перадалі яе Марфе толькі цяпер:

“Толькі на наступны дзень я звярнула ўвагу на дату — 25.08.21. Гэта таксама было нечакана =)”

Ужо трэці месяц над Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі ў закрытым рэжыме адбываецца суд, але яна не губляе аптымізму:

“Паштоўка мяне вельмі падбадзёрыла і ўзняла настрой. Я вярнулася з судовага пасяджэння трохі прыхварэлая – а тут такі сюрпрыз! Вельмі-вельмі прыемна 🙂

Спадзяюся, што ў вас усіх усё ў парадку, наколькі гэта магчыма пры ўсіх абставінах. Ні ў якім разе нельга апускаць рукі і ўпадаць у адчай. Я веру, што ўсё павінна скончыцца і стаць на сваі месцы.

Вельмі моцна па ўсіх сумую і перажываю, хочацца хутчэй сустрэцца і ўсіх абняць. Але я добра разумею, што трэба пацярпець і не вешаць нос.

У мяне ўсё адносна ў парадку, жыццё ўсё ж працягваецца і яшчэ невядома, куды яно нас завядзе. Я настроеная на аптымістычны лад.

Са здароўем усё ніштавата, думаю, что вытрымаю ўсе гэтыя выпрабаванні. Настройваю свой арганізм на тонус, бо ў здаровым целе — здаровы дух”.

Марфа перадае ўсім агромістае прывітанне і абдымкі:

“Усё гэта скончыцца, а мы — не! Таму самае галоўнае — захаваць сябе, бо наперадзе яшчэ столькі працы для дабрабыту нашай краіны”.

Ганна, сяброўка Марфы Рабковай, “бярэ” праваабаронцу з сабой у падарожжы і працягвае паказваць ёй розныя краіны і цікавосткі. Гэтым разам Марфа пабывала ў Стамбуле (Турцыя), Тбілісі і Батумі (Грузія), дзе “пабачыла” мора, “Музей нявіннасці”, адкрыты пісьменнікам Арханам Памукам, Галатскую вежу ды іншыя краявіды.

“Гэта такое жыццё, якое магло быць, але пакуль яго няма, таму што Маша ў турме. Я наогул вырашыла, што буду так падарожнічаць: паказваць Машы новыя месцы і распавядаць людзям вакол, што адбываецца ў Беларусі”, – адзначае Ганна.

“Ні аб чым не шкадуе”. Як пачуваецца зараз Марфа Рабкова?

Галоўная рэдактарка “Новага часу” правяла два месяцы ў СІЗА-1 — і там змагла пабачыць праваабаронцу “Вясны” Марфу Рабкову.

Вядома, што апошнія месяцы ліставанне з валанцёрам Андрэем Чапюком значна пагоршылася.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Валянцін Стэфановіч: “Я быў у шоку ад такіх навінаў

Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч у адным з лістоў падзяліўся ўражаннямі, якія выклікалі ў яго навіны пра папраўкі ў заканадаўстве, датычныя смяротнага пакарання. Нагадаем, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаннях прыняла папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія ўводзяць смяротнае пакаранне за “замах на акт тэрарызму”.

Чуў па ТВ у навінах пра змены ў Крымінальны кодэкс і ідэю пашырэння выпадкаў прымянення смяротнага пакарання, прычым без забойства. Памятаю, калісьці, вывучаючы сацапытанні па гэтай тэматыцы, бачыў, што аргумент супраць смяротнага пакарання, які называўся людзьмі, не ўключаў у сябе такі аргумент, як магчымасць выкарыстання смяротнага пакарання ў палітычных мэтах. Бо людзі не звязвалі гэта з гісторыяй тэрору сталінскіх часоў.

Мы абмяркоўвалі гэта з калегам. Ён быў схільны і такі аргумент ужываць падчас кампаніі нашай <гаворка ідзе пра кампанію ПЦ Вясна Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі — заўв. рэд.>. А я казаў, што лепей абапірацца на тое, што людзі найчасцей называлі ў якасці аргументаў супраць смяротнай кары.

І вось табе, зараз гэта ўжо нашая рэчаіснасць, асабліва ўлічваючы, як зараз яны ўмеюць працаваць. Я ў шоку, шчыра кажучы, быў ад такіх навінаў.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч: “Пасля суда наступіць ужо нейкая пэўнасць”

Валянцін Стэфановіч у нядаўнім лісце на волю разважае пра свае адчуванні і думкі напярэдадні гадавіны са дня затрымання і музыку.

Аўдыёкніга пра мінулае зняволення праваабаронцы Алеся Бяляцкага трапіла ў ліпеньскую падборку аўдыё кніг ад ініцыятывы “Беларускія аўдыякнігі”.

Кніга “Справа Бяляцкага” Валера Каліноўскага — гэтая не столькі пра крымінальную справу, паводле якой правабаронца быў асуджаны на 4,5 гады турмы ў 2011 годзе, колькі пра справу ягонага жыцця: абарону грамадзянскіх і культурных правоў чалавека.

Слухаць кнігу “Справа Бяляцкага”

Працяглы час няма навінаў ад старшыні “Вясны” Алеся Бяляцкага і юрыста Уладзіміра Лабковіча. 

14 ліпеня будзе год з моманту затрымання Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча за іх мірную праваабарончую дзейнасць. 

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу


Падтрымайце лістамі і паштоўкамі кіраўніка Гомельскага аддзялення “Вясны” Леаніда Судаленку і яго памочніцу Таццяну Ласіцу, якія адбываюць пакаранне ў калоніях тэрмінам тры і два з паловай гады адпаведна. Пасля пераводу ў папраўчыя ўстановы ліставанне з імі значна пагоршылася.

Пішыце Леаніду і Таццяне:ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. ВіцьбаЛеаніду Леанідавічу СудаленкуПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Як яшчэ падтрымаць “вясноўцаў”?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.