Герой адной савецкай кінастужкі, прысвечанай падзеям вайны 1812 года, цэлы час вазіў з сабой маленькі бюст Напалеона. Той расейскі казак быў апантаны ідэяй асабіста злавіць французскага імператара – маўляў, тады адразу і вайне канец. Герой кінафільму ўрэшце схапіў нейкага небараку-афіцэра, знешне падобнага на Напалеона, але цуда не здарылася – вайна не скончылася і нават не прыпынілася. Гэты мастацкі сюжэт добра адлюстроўвае рэальныя настроі людзей у час ваенных дзеянняў. А людзі зазвычай шукаюць простых рашэнняў і развязанняў. Вось і цяпер увесь інтэрнэт забіты шматлікімі відэа і артыкуламі на тэму фізічнага здароўя расейскага кіраўніка Пуціна. Тое, што па ўсім свеце мільёны людзей чакаюць яго хутчэйшага накрывання вечкам і выпраўлення ў іншы свет – якраз зразумела. Ясна, што і фізічнае скананне галоўнага імперца – гэта з’яўленне новых шанцаў на паварот гісторыі. Але яно ніяк не змяняе ні прыроду маскоўскай палітыкі, ні сутнасць псіхалогіі насельнікаў Расеі, якая непарушная доўгімі стагоддзямі.

Тут варта прыгадаць прыклад з найноўшай гісторыі. Калі Ічкерыя пачала імкнуцца да большай незалежнасці ад Масквы, Расея распачала вайну ў снежні 1994 года, першая вайна (як звычайна крывадушна названая «навядзеннем канстытуцыйнага парадку) ішла ажно да канца лета 1996 года і завяршылася так званым Хасавюртаўскім мірным пагадненннем. Але мір доўга не мог пратрымацца. У Расеі змяніўся начальнік дзяржавы – замест Ельцына стаў больш крыважэрны Пуцін і вайна на знішчэнне чачэнскага народу і яго памкнення да незалежнасці прадоўжылася ўжо ў 1999 годзе.

Так і з новай вайной Расеі супраць Украіны ды іншых былых савецкіх рэспублік. Фізічная гібель Пуціна не вядзе да смерці расейскай заваёўніцкай ідэі. Бо Пуцін – гэта не проста нейкая фізічная асоба, постаць у гісторыі. Пуцін – гэта квінтэсэнцыя калектыўнага шматвекавога зла. А здароўя ў яго, нягледзячы на ўзроставыя праблемы, хопіць яшчэ гадоў на дваццаць – сучасная медыцына здольная на многае. Дыктатар Зімбабвэ Робэрт Мугабэ пражыў 95 гадоў, кіраваў амаль да смерці і рэгулярна ездзіў на лячэнне ў Сінгапур. Таму ня варта абнадзейвацца прапагандай, запушчанай самымі ж крамлёўскімі ідэолагамі. Праўда, чалавек бывае і раптоўна смяротны, як даведзена ў літаратурнага класіка. І як гэта здарылася ў гісторыі Савецкага саюзу са смерцю Сталіна, якому праўдападобна «дапамаглі» хутчэй выправіцца ў вечны вырай пекла. З яго смерцю палітычныя змены прыйшлі, хоць пакуль развенчваўся так званы «культ асобы», тысячы людзей яшчэ гінулі ў савецкіх канцлагерах. А Савецкі саюз яшчэ больш трыццаці гадоў заставаўся «імперыяй зла», хоць і ў больш лайтовым варыянце. Потым надышло 10-15 гадоў «вегетарыянскага часу». І зноў усё вярнулася на свае кругі.

Так што фізічнае знікненне верхаводніка крамлёўска-газпрамаўскай мафіі ніяк не мяняе сутнасці самой Расеі. Які чорт да лазні, такі і пасля лазні. Не варта забывацца і пра тое, што Пуцін там, на бяскрайніх расейскіх прасторах, у адрозненне ад Лукашэнкі ў Беларусі, надалей захоўвае рэальную папулярнасць. Таму Расея можа змяніцца толькі ў выніку жорсткай ваеннай паразы. Толькі тады можа пачнецца працэс пакаяння, федэралізацыі і аўтанамізацыі рэгіёнаў вялізнай імперскай дзяржавы, якая апрыёры не можа стаць дэмакратычнай, пакуль істотна не перафарматуецца. Гэтага не разумеюць нават многія расейскія лібералы, якія прэтэндуюць на ролю інтэлектуалаў. Яны таксама празмерна персаніфікуюць праблему ўлады ў Расеі і не бачаць ці не хочуць разумець галоўнае.

У Беларусі працэс самаачышчэння і «ацверазення» набраў хаду з 2020 года. Толькі тады шырокія «народныя масы» пачалі асэнсоўваць, што яны жывуць не пад уладай самастойнага аўтарытарнага правадыра, а пад рэпрэсіўным філіялам маскоўскага рэжыму. Многія яшчэ наіўна спадзяваліся, што Крэмль дапаможа беларусам вызваліцца ад дэспатыі. За два гады гэтыя ілюзіі адляцелі як паветраны шарык у час урагану. Але гэта толькі першы крок на шляху агульнанацыянальнага пакаяння. Народ па-ранейшаму чакае простых адказаў і выхаду з гаротнай сітуацыі. А каб атрымаць простыя адказы – трэба спярша задаць сабе простыя пытанні.

Уладзімір Хільмановіч