
Лукашызм як злачынная палітычная сістэма за ўсе свае антыбеларускія і антычалавечыя дзеянні павінен быць абавязкова асуджаны і пакараны так унутры краіны, як і на міжнародным, юрыдычным полі. Ужо ў амаль трыццацігадовым перыядзе яго існавання ўсе, хто прыклаў свае пальцы і рукі дзеля яго ўмацавання, палітычнай і фізічнай расправы над яго праціўнікамі і мірнымі грамадзянамі, павінны пацярпець судовае пакаранне за ўрон нанесены свайму народу. Такія проста законы нацыянальнага жыцця і самаачышчэння. Без гэтага павуцінне лукашызму нябачна будзе аплятаць і душыць сваімі повязямі і ніцямі ўсе праявы беларускай дзяржаўнасці і самастойнага жыцця. Звычайная справядлівасць патрабуе таксама, каб грамадзяне краіны пабачылі і паверылі, што злачынцам месца ў турмах, а не толькі ў перасадачных эшалонах улады і фінансава-банкаўска-юрыдычных структурах.
І няхай не льюць тут кракадзілавых слёз усе тыя, што, прыкідваючыся праваабаронцамі і дэмакратычнымі палітыкамі, трындзяць ужо зараз пра памілаванне, дараванне він, тоўстую рыску паміж старымі і новымі часамі. Па-першае, гэтага не хочуць самі беларусы, па-другое, злачынцы сістэмы самі яе надалей умацоўваюць і абараняюць усімі сіламі, бо яна — гарант іх бяспекі. Па-трэцяе, надалей будзем тады называцца скарыстанымі ідыётамі, якія не робяць аніякіх высноў з усёй трагедыі так працяглай дыктатуры лукашызму. Тое, што лукашызм гэта злачынная, антыбеларуская сістэма, сведчаць сотні тысяч беларусаў, а мо і звыш мільёна, якія былі прымушаны па палітычных, эканамічных, сацыяльных прычынах з’ехаць з краіны.
Сістэмнае злачынства, якое прымушае людзей да бежанства, ужо само сабою патрабуе міжнароднага асуджэння. Не ведаю, ці дачакаюся сапраўды навуковага і па меры магчымасці прыбліжанага дэмаграфічнага падліку патрат беларускага насельніцтва з паловы дзевяностых гадоў па канец эпохі Аляксандра Лукашэнкі. Тут менавіта патрэбны дзеянні і супрацоўніцтва з міжнароднымі і паасобнымі нацыянальнымі статыстычнымі ўстановамі па ўсім свеце. Працы безумоўна шмат, але нельга так жыццёва значнай нацыянальнай справы пакінуць без рэальнага балансу. У многім ён можа быць і асновай шматлікіх праграм для міжнароднай, эканамічнай, культурнай палітыкі незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. А патраты духоўныя — асіміляцыя, дэнацыяналізацыя на ўсіх эміграцыйных напрамках — гэта ж неацэненыя аніякімі рублямі, еўра, доларамі, златоўкамі патрачаныя скарбы нашай генетычнай прысутнасці на гэтай зямлі. Таго ж хочуць і варажэнькі нашы на ўсіх аб’яўленых і скрытых ваенных франтах, што дзялілі раней і рэжуць зараз беларускую зямлю.
А цяпер менавіта толькі невялікая жменя сухой статыстыкі, якая хоць у невялікай ступені паказвае тое, што бежанства беларусаў павялічваецца і нясе доўгатэрміновыя дэмаграфічна-нацыянальныя змены на сваю некарысць. Апублікаваныя зараз даныя адказных міграцыйных устаноў Польшчы і Літвы даюць нам магчымасць уявіць аб’ём праблемы і адказнасць прытым лукашызмцу і за гэтую сферу. А мо лепш і праўдзіва будзе гэта назваць мэтанакіраванымі дзеяннямі супраць беларускага народа, проста адной з прыкмет нацыянальнага генацыду. Ніжэйпублікаваныя лічбы прыводжу за афіцыйнымі камюніке, перададзенымі для распаўсюду ў медыя.
Прадстаўніца Літоўскага дэпартамента міграцыі Іаліта Гестаўтайтэ агучыла, што за апошнія пяць гадоў колькасць замежнікаў у Літве падвоілася. Цяпер іх тут больш за 100 тысяч. На першым месцы — беларусы. У 2017 і 2018 гадах у Літве пражывала 46 000-49 000 замежнікаў, у 2019 годзе — 58 000, у 2020 — 73 800, у 2021 — ужо 87 300. У пачатку 2022 года від на жыхарства ў Літве ці нацыянальная віза была ў 100 200 замежнікаў. Гестаўтайтэ сказала, што больш за ўсё часовых відаў на жыхарства выдалі беларусам і ўкраінцам (адпаведна 20 500 і 19 600). Каля 3600 чалавек прыехалі з Расіі, менш за 1000 відаў на жыхарства атрымалі грамадзяне Індыі, Узбекістана, Кыргызстана, Малдовы, Казахстана, Нігерыі і Грузіі. Больш за ўсё нацыянальных віз таксама выдалі беларусам — 21 300, украінцам — 12 100, расейцам — 2800. Калі сплюсаваць колькасць відаў на жыхарства і нацыянальных віз, выдадзеных Літвой беларусам, атрымліваецца, што 41 800 асоб жыве сёння ў Літве. Гэта як цэлыя Калінкавічы ці Ваўкавыск. Хваля эміграцыі з Беларусі, выкліканая жорсткімі рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасці пасля выбараў 2020 года ўзмацнілася пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Многія бізнесы сутыкнуліся з немагчымасцю далейшай працы і вялікімі рызыкамі ва ўмовах, калі Беларусь выкарыстоўваецца Расеяй для атакі на Украіну і прызнаецца сусветнай супольнасцю пасіўным суагрэсарам, і пачалі актыўную рэлакацыю супрацоўнікаў. Раней стала вядома, што дазвол на жыхарства ў Польшчы маюць 50 тысяч беларусаў, 45 тысяч з іх выехалі з краіны пасля жніўня 2020 года.
Беларусы з’яўляюцца другой па колькасці групай замежнікаў, якія пражываюць у Польшчы. Больш за 50 тысяч грамадзян Беларусі атрымалі пастаянны від на жыхарства ў гэтай краіне, паведамляе Управа па справах замежнікаў. З пачатку 2021 года колькасць беларусаў, якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў Польшчы, узрасла на 90%. Большасць атрымалі пастаянны від на жыхарства на аснове іх польскага паходжання і карт паляка. Таксама расце колькасць беларусаў, якія атрымліваюць часовы від на жыхарства, але Упраўленне не прыводзіць канкрэтных даных. Сярод беларусаў-уладальнікаў пастаяннага віду на жыхарства 55% складаюць людзі ва ўзросце 20-39 гадоў, 17% — ва ўзросце да 20 гадоў і 28% — людзі старэйшыя за 40 гадоў. Большасць беларусаў выбірае для жыцця Мазавецкае ваяводства (19 тысяч чалавек) і Падляшскае ваяводства (9 тысяч чалавек). Найчасцей абіранымі рэгіёнамі з’яўляюцца яшчэ Малапольскае ваяводства (4,2 тыс.), Паморскае (4 тыс.) i Люблінскае (3,2 тыс.). Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года павялічылася колькасць беларусаў, якія звярнуліся па міжнародную абарону ў Польшчы. З іх абарону атрымалі амаль 3 тысячы чалавек. Паводле паведамлення ўправы, спрашчэнне выдачы віз і доступ да рынку працы зрабілі Польшчу вельмі прывабным кірункам для беларускіх мігрантаў. Прадпрымальнікі і спецыялісты ІТ-індустрыі могуць скарыстацца праграмай Poland. Bussines Harbour — комплексным пакетам, які спрыяе пераезду на тэрыторыю Польшчы. А ўладальнікі так званай гуманітарнай візы могуць працаваць, не мусячы атрымліваць дадатковых дазволаў.
Гэтыя даныя не ўлічваюць асоб пражываючых у Польшчы на аснове важных каротка- ці доўгатэрміновых віз. Столькі сухая статыстыка, якая не дае поўнага адказу на пытанні пра рэальную колькасць грамадзян Беларусі, якія апынуліся ў нас, у Польшчы, пасля 1995 года. Адкрытым застаецца асноўнае для нас пытанне, колькі з пражываючых афіцыйна грамадзян Беларусі ў мінулагоднім перапісе насельніцтва ў Польшчы запісалася проста беларусамі? Ці мо, ідучы за духам гісторыі, асабістым прыстасаванствам, ці атрыманай раней картай паляка папоўнілі без аніякіх сумненняў нацыянальную большасць польскай дзяржавы.
Яўген Вапа