фота ілюстрацыйнае

Камеры назірання змясцілі на больш чым 1000 гарадскіх аб’ектах, у тым ліку ў месцах масавага збору людзей, піша Telegram-канал Urban Hrodna са спасылкай на «Гродна Плюс». У сярэдзіне 2021 было вядома ўсяго пра 20 камер, усталяваных гарадской ЖКГ.

Зараз камеры ўсталяваныя:

  • на стратэгічных аб’ектах,
  • месцах масавага збору людзей,
  • на дарогах,
  • прыкладна ў 150 шматпавярховіках.

Відавочна, што асноўная мэта ўладаў і сілавых структур – гэта татальнае сачэнне за жыхарамі гораду.

У ліпені 2021 года ў Гродне было каля 20 камер, усталяваных гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Яны былі размешчаны пераважна ў цэнтральнай частцы горада. Тады іх колькасць планавалі павялічыць у 6 разоў і ўсталяваць на ўездах у горад, у парках, скверах, на пляжах.

У канцы 2021 года было вядома ўжо пра блізу 800 камер відэаназірання ў горадзе. Тады кіраўніцтва горада хацела павесіць камеры на ўсіх прыпынках і падлучыць іх да адзінага сервера. Такім чынам збіраліся кантраляваць маршрутчыкаў – ці ўсіх пасажыраў яны ўлічваюць. Але падаецца, што гэта была не асноўная мэта сачэння. Пасля пратэстаў лета і восені 2020 года ўладам важна кантраляваць і пільнаваць усіх нязгодных з яе палітыкай.

Раней у 2019 годзе ў Гродне запусцілі сістэму камер, каб адсочваць аўтамабілі, якія праязджаюць на чырвоны сігнал святлафора. Першыя такія камеры з’явіліся на скрыжаванні вуліц Кабяка і Індурскай шашы.

У пачатку 2019 года пракурор Гродна Уладзімір Клішын казаў пра патрэбу ўсталёўваць камеры назірання ў мікрараёнах. Ён тлумачыў гэта ростам злачынстваў, напрыклад такіх, як псаванне аўтамабіляў. Праўда, на той час колькасць злачынстваў у Гродне не перавышала 3000, гэта быў самы нізкі паказчык з часоў незалежнасці.

Яшчэ раней да ўсталявання відэакамер у Гародні і на ўсёй Гарадзеншчыне за часам кіравання вобласцю Уладзімірам Саўчанкам і Сямёнам Шапірам праводзілася палітыка татальнага знішчэння і карчавання дрэваў як у населеных пунктах, так і абапал дарог.