Палітвязня Мікіту Емяльянава па прыбыцці ў калонію змясцілі ў ШІЗА і пазбавілі спаткання

Актывіста анархічнага руху Мікіту Емяльянава (https://prisoners.spring96.org/be/person/mikita-jemialjanau) адразу пасля этапа ў папраўчую калонію № 11 адміністрацыя змясціла ў штрафны ізалятар агулам на 18 сутак, паведамляе (https://mediazona.by/news/2022/07/09/emelyanov) @mediazona_by. Акрамя гэтага, яго пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, канфіскавалі 22 кнігі, машынку для стрыжкі і згушчанку. Прычыны спагнанняў невядомыя.

У ваўкавыскай калоніі Мікіта знаходзіцца з 13 чэрвеня.

Нагадаем, 11 сакавіка Емяльянава асудзілі (https://spring96.org/be/news/107056) на два гады калоніі па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнне правілаў унутраннага распарадку ), а канчаткова прызначылі па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання — 3,5 гады калоніі ўзмоцненнага рэжыму. Са жніўня 2021 года Мікіту змяшчалі ў карцар або ШІЗА агулам больш, чым на сем месяцаў.

💌 Падтрымайце палітвязня: ПК №11, 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118, Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу