Колькасць насельніцтва Беларусі паводле афіцыйнай статыстыкі за апошні год скарацілася ажно на 94 тысячы чалавек. За час кіравання Лукашэнкі агульная колькасць людзей у Беларусі зменшылася фактычна на мільён (!) чалавек. На 1 студзеня ў Беларусі паводле афіцыйных звестак пражывала толькі 9 мільёнаў 255 тысяч чалавек. На пачатку 1990-ых яна сягала 10 мільёнаў і 100 тысяч.

Але паралельна працягваецца працэс урбанізацыі. Найбольшая колькасць людзей пражывае ў наступных гарадах Беларусі:

  1. Менск – 1997 тыс.,

2. Гомель – 504 тыс.,

3. Віцебск – 360 тыс.,

4. Гародня – 357 тыс.,

5. Магілёў – 355 тыс.,

6. Берасце – 341 тыс.,

7. Бабруйск – 210 тыс.,

8. Баранавічы – 173 тыс.,

9. Барысаў – 138 тыс.,

10. Пінск – 125 тыс.

Яшчэ ў 2020 годзе Гародня была пятай у рэйтынгу самых буйных гарадоў краіны, а зараз яна займае ўжо 4-е месца. Паводле афіцыйных прагнозаў у 2023 годзе горад над Нёманам можа апярэдзіць Віцебск па колькасці насельніцтва і стане трэцім па рэйтынгу. Праўда, улічваючы вялікую хвалю палітычнай і эканамічнай эміграцыі апошнія два гады, цяжка паверыць, што лічба 357 тысяч жыхароў Гародні рэальная.

А вось тое, што Гародня, разам з Менскам і Берасцем уваходзіць у тройку найбольш рэпрэсіўных гарадоў – факт неадпрэчны. Колькасць палітычных крымінальных спраў у Гародні і па ўсёй Гарадзеншчыне цэлы час расце.