Больш 1500 (!) “злачынстваў” па “экстрэмісцкіх” справах было зарэгістравана сілавымі структурамі па Гарадзенскай вобласці з 9 жніўня 2020 года па 21 траўня 2022 году. Пры тым пракуроры накіравалі ў суды крымінальныя справы ажно на 314 (!) чалавек. Такія лічбы агучыў пракурор Гарадзенскай вобласці Александр Жуков на прэс-канферэнцыі для дяржаўных СМІ.

Пры тым колькасць гэтых спраў цэлы час расце. Людзей паводле палітычных поглядаў прыцягваюць за нібыта экстрэмісцкую і тэрарыстычную дзейнасць. Для гэтага сілавікі праводзяць адпаведныя ведамасныя нарады.

Было заяўлена таксама, што супрацоўнікі сілавых структур устаноўліваюць месцазнаходжанне тых, хто выехаў з краіны. Яны таксама запускаюць працэдуру выдачы падазраваных у Беларусь.

Паводле афіцыйных звестак інфармацыю больш чым у 35 рэсурсах з 2020 году суды прызналі экстрэмісцкай. Найчасцей экстрэмісцкімі прызнаюцца чаты і каналы ў Telegram. Але «Одноклассники» и Instagram таксама пад пільным прыцэлам сілавікоў.

Ажно сем рэсурсаў за гэты час прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі. Гэта наступныя Telegram-чаты: «Гордые Гродненцы», «Гордые Волковычане», «Гордые Слонимчане», «Гродно 97%», «Лида 97%», «Лида для жизни», «Ошмяны».

За стварэнне “экстрэмісцкага фармавання” Telegram-чату «Ошмяны» — ужо будуць судзіць праграміста з Гарадзеншчыны. У тым ліку за стварэнне экстрэмісцкага фармавання будуць судзіць і затрыманых супрацоўнікаў прадпрыемства “Азот”.

Прызнаць чалавека “экстрэмістам” могуць нават за адзін рэпост нейкага матэрыялу. У 2021 годзе ў і так рэпрэсіўны закон «О противодействии экстремизму» улады зрабілі змены. Цяпер ажно 18 (!) формаў дзейнасці лічацца экстрэмісцкімі. Паводле некаторых артыкулаў могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, паводле іншых – да крымінальнай.

Прававы дэфолт у дзяржаве фактычна пераўтварыў заканадаўства ў цалком рэпрэсіўнае. Механізмаў юрыдычнай абароны практычна не засталося.