У адным з праўладных тэлеграм-каналаў, які ўжо чарговы раз быў знішчаны адміністрацыяй мэсэнджэра, 8 ліпеня з’явілася «пакаяльнае» відэа жыхара Ліды. Так званыя «праваахоўнікі» абвінавацілі яго ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матар’ялаў.

Праз колькі дзён стала вядома, што затрыманы на працоўным месцы 35-гадовы супрацоўнік ААТ «Лакафарба» Аляксандр Пінаеў мае дваіх дзяцей. Нягледзячы на гэта, яго пратрымалі ў Лідскім ЦІПу 3 содняў, а 11 ліпеня прысудзілі за выдуманае парушэнне 10, то бок яшчэ 7 содняў адміністрацыйнага арышту Аляксандр мае правесці за кратамі. Прычым, як сцвярджае тэлеграм-канал «Затрыманні, суды ў Лідзе», зараз Пінаева кожны дзень вывозяць на прымусовыя працы ў цэх сартавання смецця.

Колькасць толькі вядомых праваабаронцам затрыманых і засуджаных паводле згаданага абвінавачання беларусаў сведчыць пра так бы мовіць шырока разгорнутую цэнтралізаваную акцыю запалохвання грамадзянаў у сеціве інтэрнэт, каб баяліся нават там дэманстраваць сваю пазіцыю і выказваць свае меркаванні.

Таксама гэта сведчыць пра жаданне прадстаўнікоў сілавых структураў рэжыма ўнутранай акупацыі захаваць і павялічыць той давер і, магчыма, аўтарытэт, які яны займелі ў вачах узурпатара ўлады грамадзяніна Лукашэнкі пасля гвалтоўнага падушання народных пратэстаў у 2020 годзе. А шараговыя супрацоўнікі тэрарыстычнай злачыннай групоўкі змагаюцца за свае штомесяцовыя прэміі і новыя пасады ды званні.

Безумоўна ніводная з гэтым мэтаў не мае нічога супольнага з законамі ці грамадскай бяспекай, таму раім усім саўдзельнікам злачынства ў выглядзе фабрыкавання крымінальных і адміністрацыйных справаў палітычнага кшталту перачытаць артыкулы 424-428 КК РБ, каб уяўляць сваю бліжэйшую будучыню.