30 гадоў таму – 14 ліпеня 1992 году – у Гародні памёр Аляксей Карпюк, беларускі пісьменьнік, грамадскі дзеяч. 

Аляксей Карпюк нарадзіўся 14 красавіка 1920 году ў вёсцы Страшава (цяпер Падляшскае ваяводства, Польшча).

Родная хата Карпюка

Паходзіў з сялянскай сям’і, бацька быў сябрам КПЗБ. У 1934 годзе скончыў сямігодку і навучаўся ў польскай гімназіі ў Вільні, а пасля яе закрыцця з 1939-га па 1941 гады вучыўся ў Наваградскай педагагічнай вучэльні.

Аляксей Карпюк з бацькамі, 1930-ыя гады
Карпюк у маладосці

У час другой сусветнай вайны браў удзел у партызанскім руху. У снежні 1942 года трапіў у нямецкі палон у канцлагер Штутгаф, што пазней не раз балюча адбілася на ягонай біяграфіі. З канцлагера Аляксей Карпюк здолеў уцячы і зноў пайшоў у партызаны. Там арганізаваў з мясцовай моладзі партызанскі атрад імя Кастуся Каліноўскага і стаў ягоным камандзірам. У жніўні 1944 года яго забралі ў Чырвоную Армію. Быў двойчы паранены.

Пасля вайны Аляксей Карпюк паступіў ў Гарадзенскі педінстытут (аддзяленне англійскай мовы), які скончыў у 1949 годзе. Працаваў загадчыкам раённага аддзела адукацыі ў Сапоцкіне, але з-за канфлікту з кіраўніцтвам пераведзены на пасаду дырэктара Біскупскай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна. У далейшыя гады працаваў журналістам “Гродзенскай праўды” і “ЛіМа”, дырэктарам Беларускага музею гісторыі рэлігіі і атэізму. Гэтая ўстанова пры ім стала асяродкам беларускай культуры, актыўна вяла экспедыцыі, збіраючы цікавыя экспанаты па ўсёй Беларусі і за яе межамі.

Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк

Вакол Аляксея Карпюка ў 1960-1970-х гадах узнік своеасаблівы клуб вольнадумнай інтэлігенцыі. У розныя часы з гэтым асяродкам кантактавалі Васіль Быкаў, Данута Бічэль, Вольга Іпатава, Браніслаў Ржэўскі і іншыя гарадзенцы. Сам Карпюк пашыраў забароненую ў БССР літаратуру, ліставаўся з Аляксандрам Салжаніцыным, кантактаваў з сям’ёй Ларысы Геніюш з Зэльвы. Супрацоўнікі КДБ шмат гадоў назіралі за Аляксеем Карпюком, але не было такіх месцаў, дзе пісьменнік саромеўся казаць праўду.

Аляксей Карпюк у сям’і

Вясной 1972 года Аляксей Карпюк быў выключаны з КПСС па абвінавачванні ў нацыяналізме, кулацкім паходжанні, хлусні пра сваё мінулае. Ён нідзе не мог уладкавацца на працу. І толькі дзякуючы Пятру Машэраву яго аднавілі ў партыі. У 1978-1982 гадах Аляксей Карпюк працаваў сакратаром Гарадзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Пазней актыўна ўдзельнічаў у дэмакратычным жыцці Гародні: адзін з актывістаў БНФ, адзін з заснавальнікаў “Бацькаўшчыны”, меў цесныя кантакты з клубам “Паходня”.

У друку Аляксей Карпюк дэбютаваў у 1953 годзе аповесцю “У адным інстытуце”. Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў “Дзве сасны” , “Данута”, “Мая Гродзеншчына” , “Пушчанская адысея”, “Вершалінскі рай”, “Партрэт”, “Сучасны канфлікт”, раман “Карані”, ”Выбраныя творы” ў 2-х тамах і многія іншыя. Адзін з папулярных твораў пісьменніка – аповесць “Данута”.

Аляксей Карпюк быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам польскага ордэна “Віртуці Мілітары”. Заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа за кнігу “Сучасны канфлікт”.

Зборнік выданы “Гарадзенскай бібліятэкай”

Пахаваны на гарадзенскіх могілках па праспекце Касманаўтаў на адным з цэнтральных шэрагаў. Адна з вуліц у Гародні носіць імя Аляксея Карпюка.

15 красавіка 2019 года на доме па вуліцы Ажэшкі ўрачыста адкрыта памятная шыльда.