14 ліпеня, у гадавіну затрымання старшыні “Вясны” Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і юрыста арганізацыі Уладзіміра Лабковіча, прадстаўнікі міжнароднай праваабарончай супольнасці выказалі зняволеным “вясноўцам” сваю падтрымку і салідарнасць.

Так, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная ініцыятыва Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Міжнароднай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), выступіла з заявай да гадавіны арышту віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Лабковіча, у якой адзначыла:

Разам з чатырма іншымі сябрамі “Вясны” яны застаюцца за кратамі па сфабрыкаваных абвінавачваннях, у жахлівых умовах, сістэматычна пазбаўленыя зносін з сем’ямі і адвакатамі. Абсерваторыя з глыбокім шкадаваннем адзначае далейшае знішчэнне грамадзянскай супольнасці Беларусі рэжымам Лукашэнкі і заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць семярых сябраў “Вясны” і ўсіх адвольна затрыманых у краіне і аператыўна расследаваць усе абвінавачванні ў парушэнні правоў чалавека супраць іх.

Абсерваторыя таксама заклікае міжнародную супольнасць працягваць падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і заняць цвёрдую прававую і палітычную пазіцыю ў дачыненні да тых, хто знаходзіцца за кратамі, тым самым даючы зразумець беларускім уладам, што справядлівасць пераможа.

Фонд Right Livelihood адзначыў неабходнасць вызвалення праваабаронцаў “Вясны” падчас выступу на 50-й сесіі Савета па правах чалавека ААН, а таксама напісаў у сваім твітары словы падтрымкі:

Год таму беларускія ўлады правялі ператрус у офісах лаўрэата прэміі #RightLivelihood @viasna96 і арыштавалі яго заснавальніка Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.

#Беларусь павінна неадкладна безумоўна вызваліць іх і ўсіх іншых палітвязняў!

Праваабаронца са Швецыі Марцін Угла сфатаграфаваўся са сваёй сям’ёй у падтрымку зняволеных “вясноўцаў”, паўтарыўшы знакаміты здымак.

Free Ales! Free Valik! Free Uladz! Free Viasna!

Жыве Беларусь! Жыве Вясна! — напісаў ён у сваім фэйсбуку.

Фонд Дамоў правоў чалавека зрабіў шэраг публікацый у падтрымку “вясноўцаў”, а таксама запісаў відэазвароты былых палітзняволеных з Азербайджану Інцігама Аліева і Анара Мамедлі, у абарону якіх у свой час выступалі Алесь, Валянцін і Уладзімір.

Сваю салідарнасць зняволеным праваабаронцам “Вясны” выказалі і іншыя праваабарончыя арганізацыі: АДЦ “Мемарыял”, Front Line Defenders, Міжнародная асацыяцыя па абароне свабоды слова.