Палітзняволеная настаўніца музычнай школы Аксана Каспяровіч выйшла на волю.

29 чэрвеня бягучага году ў Гарадзенскім абласным судзе абвесцілі вырак палітзняволенай Аксане Каспяровіч (https://prisoners.spring96.org/be/person/aksana-kaspjarovicz). Яе прызналі вінаватай паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне варожасці ці варажнечы») і асудзілі да году і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Але з улікам тэрміна, які яна ўжо правяла за кратамі, ёй заставалася быць у зняволенні крыху больш за два тыдні.

Стала ведама, што 8 ліпеня Аксана выйшла на волю з гарадзенскай турмы № 1.

Каспяровіч была затрыманая 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, пачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. КГБ запісаў палітзняволеную ў «спіс тэрарыстаў».